У Лошыцкай сядзібе прайшоў вечар у стылістыцы пяці эпох (фота, відэа)

Сядзіба ў сталічным Лошыцкім парку 25 жніўня прыняла танцавальны вечар, дзе госці былі апранутыя па модзе канца ХVIII і першай паловы ХІХ стагоддзя і забаўляліся танцамі, адпаведнымі эпосе.

Арганізавала вечар студыя гістарычнага танцу La Camargo. Госці былі пераважна з Мінска, але некалькі чалавек прыехалі таксама з Расіі і Украіны.

Як патлумачыла адна з арганізатараў, рэканструктарка касцюму Святлана Іванова-Кліманская, эпоха на вечары ўзята досыць шырокая. Танцоры былі апрануты ў строі эпохі Дырэкторыі у Францыі (канец ХVIII стагоддзя), а таксама часу Консульства, Ампіру, Рэстаўрацыі і ранняга Бідэрмаеру (першая палова ХІХ стагоддзя). Адзенне ў гэты час мянялася досыць моцна, аднак мае і шэраг агульных рыс. Напрыклад, у эпоху Дырэкторыі, Консульства і Ампіру жаночыя сукенкі маюць высокую талію, а агульны вобраз нагадвае антычных багінь.

Падчас Дырэкторыі сукенкі мелі простыя рукавы і густыя зборкі на ліфе. Фрызуры дам яшчэ былі ў стылістыцы ХVIII стагоддзя, з пышнымі локанамі. У перыяд Консульства пра сукенкі казалі, што яны “голыя”, звалі таксама “сукенка-кашуля”. Былі яны найчасцей з тонкай бавоўны розных адценняў белага (крэмавыя, малочныя), з вышыўкай ці без. Ампір – гэта цяжэйшыя тканіны (шоўк, аксаміт), сукенкі ўжо каляровыя, рукавы — “ліхтарыкам”, больш дэкору. У эпоху Рэстаўрацыі і ранняга Бідэрмаеру талія “апускаецца” на сваё месца, а спадніцы набываюць форму званочка. Усе гэтыя асаблівасці можна было прасачыць у касцюмах удзельніц вечара ў Лошыцы.

Кавалеры на імпрэзе былі ў фраках і ў мундзірах, прадстаўляючы, такім чынам, свецкую і ваенную рэканструктарскую плыні. На працягу ўсяго ХІХ стагоддзя фрак насілі на імпрэзы такога роду (балы, суарэ). Парадны фрак у першай палове веку мог быць амаль любога колеру (сіні, чорны, карычневы, з камбінаванай тканіны), а ў другой палове – чыста чорны. На вечары ў Лошыцы можна было пабачыць кавалераў і ў кароткіх штаніўках – кюлотах, – і ў доўгіх штанах.

Маргарыта Шаўцова

Маргарыта Шаўцова

На некалькі пытанняў для НЧ адказала гаспадыня бала, кіраўніца студыі гістарычнага танцу La Camargo Маргарыта Шаўцова.

– Які накірунак навучаньня ў студыі прыцягвае найбольш наведвальнікаў? Чаму, на Вашу думку?

– La Camargo займаецца танцамі з канца XVII ст. (эпоха Луі XIV ў Францыі, тады склаліся асноўныя прынцыпы класічнага танца) да канца XIX ст. Мы пакуль адзіныя ў Беларусі, хто займаецца эпохай Ракако. Гэты перыяд яшчэ чакае доўгі шлях да папулярнасці. У Расіі і Польшчы XVIII стагоддзе ўжо даволі добра распрацаванае, а мы правялі першае мерапрыемства толькі гэтай зімой, і я асабіста ганруся ім.

У нашай студыі старейшая група мае тры заняткі на тыдзень: па танцах Ракако, пачатку XIX ст. (Ампір і Бідэрмаер) і 2-ой паловы XIX ст. Гэта розныя тэхнікі танца, розная эстэтыка руху. Найбольш наведвальнікаў на занятках па пачатку стагоддзя. У першую чаргу гэта звязана з большая колькасцю мерапрыемстваў, на якіх патрабуюцца адпаведныя танцы. Мы робім 1-2 на сезон, але ж ёсць яшчэ шмат іншых клубаў, ёсць замежныя балі. Між тым танцы сярэдзіны і канца XIX стагоддзя хоць і падабаюцца шмат каму (гэта амаль класічны вальс, полькі, складаныя і разнастайныя кадрылі), але ў Беларусі вельмі рэдка ёсць шанец іх затанчыць. Добра, калі адзін баль у год, цуд – калі два. Таму зразумела, што калі чалавек можа наведваць толькі адзін занятак на тыдзень, ён абірае той, які падаецца яму найбольш карысным.

Што да танцаў XVIII стагоддзя, то гэта для апантаных аматараў! Яны эсстэтычна далейшыя ад нас, чым танцы XIX стагоддзя, але вабяць па-свойму. Напрыклад, для мяне менавіта гэтыя танцы – самыя прыгожыя. Астатнія таксама люблю, але Барока і Ракако – больш за усё.


– Распавядзіце, калі ласка, пра мерапрыемствы, што арганізуе La Camargo.

– Вечар ў Лошыцкай сядзібе – гэта мерапрыемтва па вельмі шырокім часе: з сярэдзіны 1790-х і да пачатку 1830-х гг. У нашай гісторыі – з касцюшкаўскіх часоў і апошняга падзелу Рэчы Паспалітай да Лістападаўскага паўстання. Гэта амаль 40 год, на працягу якіх значна мяняліся не толькі моды, але і дзяржаўныя межы ў Еўропе, фактычна – складаўся новы сусвет. Аб’ядноўваюць гэты велізарны інтэрвал агульны рамантычны настрой (гэта як раз перыяд, калі рамантызм сцвярджаў перамогу над класіцызмам) і – танцы. Бяручы танцы пачатку XIX ст. і 1820-х гг. мы бачым значна меньшую стылістычную розніцу паміж імі, чым маглі чакаць.

Калі казаць пра першую траціну XIX ст., то мы найбольш займаемся 1820-мі гадамі. Наш першы баль па гэтым перыядзе прайшоў у лютым 2017-га ў сядзібе Козел-Паклеўскіх (вёска Чырвоны Бераг); а год таму мы ўжо збіраліся ў Лошыцкай сядзібе на другі баль гэтых жа часоў. 1820-я гады –параўнальна мірны перыяд нашай гісторыі: адна вайна скончылася, другая яшчэ не пачалася, выдаецца і яшчэ не з’ехаў у эміграцыю Міцкевіч, сярод моладзі пануюць самыя рамантычныя настроі, і нават дамскія моды робяць з жанчыны нейкую фею – ідылія! Да таго ж, менавіта ў гэты перыяд на нашых землях шырока распаўсюдзіліся самыя выкшталцоныя, прыгожыя і складаныя танцы. Мода на іх трымалася зусім нядоўга, але гэта і цікава.

Гэтым летам мы мелі вялікі гонар арганізаваць баль для ўдзельнікаў фестываля ваеннай рэканструкцыі “Мір 1812” у Мірскім замку. Удзельнікі балю часткова прыйшлі ў залю літаральна з бою!

Увогуле мы імкнемся праводзіць нашыя балі па вельмі вузкіх перыядах – 5, максімум 10 год. Наступны наш баль па 1820-х пройдзе 27 кастрычніка ў палацы Радзівілаў у Нясвіжы і будзе “беларуска-нямецкім” – прысвечаным не толькі нашай мясцовай тэме, але і прускай галіне роду Радзівілаў, да якой перайшоў Нясвіж у XIX стагоддзі. Часамі мы забываемся на тое, што нашая магнатэрыя – не толькі “наша”; прадстаўнікі буйных старых родаў займалі буйныя пасады і пры расійскім імператарскім двары, і ў Еўропе. Яшчэ ў нашых планах на сезон – другі вечар эпохі Ракако і баль па другой палове XIX стагоддзя.

Мы ладзім у Мірскім замку і сядзібе Агінскіх у Залессі публічныя балі, куды можа набыць квіток любы ахвочы.

Мы шукаем ноты менавіта патрэбнага перыяду і пажадана мясцовага паходжання, каб адчуць і літаральна пачуць гук тагачаснага балю. Ад музыкі і музыкаў залежыць ледзь не палова поспеху ўсёй справы! На вечары ў Лошыцы грала кампазітарка Наталля Харытонава-Крыжэвіч. Шукаем новыя танцы, каб былі хаця б 1-2 новых на кожным мерапрыемстве. Шукаем новыя гульні для салонаў. Яшчэ новыя залі любім, але дзе ж узяць столькі добра адрэстаўраваных сядзібаў, каб кожны баль праводзіць у новым месцы? А мы ж яшчэ і не адзіныя рэканструктары ў Беларусі, дзякуй Богу.

– Якая прыкладна частка ўдзельнікаў балоў шые строі сама, а якая замаўляе?

– Цяжка адказаць за ўсіх. Гледзячы на нашую студыю – 50/50. Да таго ж, можна арэндаваць сукенку ці пазычыць у сяброўкі. Шмат хто з дам, якія маюць вялікі гардэроб, прадаюць старыя сукенкі – не толькі іншым беларускім дамам, але і ў Расію; гэтак жа можна і купіць сукенку, якая тут яшчэ не знаёмая. Ассабліва гэта тычыцца папулярных перыядаў, як Ампір ці (радзей) крыналіны (сярэдзіна ХІХ ст.). На жаль, у Беларусі яшчэ не склаўся сур’ёзны пракат гістарычных строяў, хоць запыт ужо ёсць. Дамы вымушаныя шукаць сукенкі ў сябровак, сябровак сябровак і г.д. Што тычыцца кавалераў, то абсалютная большасць замаўляе строі, радзей шукаюць арэнду. А адзін з нашых кавалераў здолеў пашыць свой строй на ўласныя рукі!
Мы аднаўляем не толькі еўрапейскі строй, але і сармацкі (кунтуш, жупан, слуцкі пояс). Пачалося з аднаго кавалера і стала трэндам.

– Наколькі рэканструкцыя ХІХ ст. у нас звязаная з беларускім кантэкстам, ці яна больш “агульнаеўрапейская”? Як гэта ўсё пачыналася?

– У беларускай свецкай рэкантрукцыі XIX стагоддзя две крыніцы. Адна – ваенная рэканструкцыя напалеонаўскіх войнаў, якая рапачалася ў нас значна раней за гістарычныя танцы і балі. Пазней некаторыя з ваенных пачалі асвойваць і свецкую частку рэкантрукцыі. Другая крыніца, якая нечакана дала найбольш моцны штуршок для развіцця руху – ролевыя гульні. Першы ўмоўна ампірны баль у Беларусі быў менавіта на ралявой гульні па падзеях 1812 года. Мне пашанцавала ў свой час навучацца ў найбольш буйнога беларускага даследчыка Алякандра Ільяша, які стаяў на пачатку ўсяго гэтага руху, і я дагэтуль удзячная лёсу, што склалася менавіта так.

Зьміцер Рагачоў праектам “Баль на Літве. Эпоха князя Міхала Клеафаса” падкрэсліў непарэдную сувязь балю з пэўнымі рэальнымі гістарычнымі падзеямі і персаналіямі. Вельмі важна, што ён рабіў акцэнт менавіта на мясцовай гісторыі. У гэтым сэнсе і наша студыя, і шмат якія іншыя арганізатары баляў у Беларусі працягваюць ягоную справу. Напрыклад, на вечары ў Лошыцы прагучалі вальс і кадрыль Міхаіла Клеафаса Агінскага. Таксама былі вальсы з музычных часопісаў Вільні і Варшавы пачатку ХІХ ст., адмыслова адшуканыя для гэтага мерапрыемства.

У апошнія гады большасць баляў і вечароў у Беларусі маюць больш ці меньш выразную сувязь з нашай гісторыяй. Часамі застаецца на ўзроўні назвы і не адлюстроўваецца ў праграме мерапрыемства, але бывае і так, што “беларускаць” балю з'яўляецца адной з мэтаў арганізатараў. Але нельга сказаць, што мы не звяртаем увагі на агульнаеўрапейкую гісторыю. Наша мэта – паказаць, як беларуская шляхта была ўлучаная і ў расійскі, і ў агульны еўрапейскі кантэкст.


– А ўвогуле навошта сур'ёзныя людзі займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй?

Кожные шукае штосьці сваё. Для кагосьці гэта чысты эскапізм – збегчы ў іншую эпоху, якая падаецца больш прывабнай адносна сённяшняга дня. Камусьці проста падабаецца кампанія, што склалася. Камусьці не хапае свецкіх раўтаў у жыцці – ну вось куды і колькі разоў можна сярэдняму беларусу апрануць фрак? Хтосьці сур’ёзна захапляецца гісторыяй, рэканструкцыя – гэта толькі адна частка такога захаплення. Камусьці падабаюцца танцы, а ўсё астатняе не так прынцыпова.

Папулярнасць менавіта Ампіра, на маю думку, не ў апошнюю чаргу крыецца ў гістарычным базісе эпохі, Напалеонаўскіх войнах. “Апошняя прыгожая вайна”, ды і маштаб падзеяў таго часу, персаналіі – усё гэта прываблівае як кавалераў, так і дам. Для дзяўчат ёсць таксама падтрымка з боку раманаў Джэйн Остын, яшчэ і з шыкоўнымі экранізацыямі. Я асабіста не тое каб вельмі люблю этэтыку Ампіра – яна сапраўды “імперская”, занадта цяжкая на мой густ, але мне лёгка ўявіць, што кагосьці яна прываблівае больш, чым мяне. Да таго ж, калі браць побытавы бок пытання, ампірныя строі – той рэдкі выпадак ў гісторыі моды, калі вам сапраўды камфорта нават па сучасных мерках! Калі імкнуцца наведваць як мага больш мерапрыемстваў, просты фізічны камфорт вельмі важны. Асабіста мяне прываблівае ў пачатку стагоддзя пачатак моцнай рамантычнай плыні ў суветным матацтве, асабліва ў літаратуры. Байран, Шэлі, Кітс, узлёт гатычнага раману… Дапасуйце сюды выдатную музыку – будзе зраумела, што кожнаму ёсць за што любіць гэтую эпоху.

Танцам ХІХ стагоддзя вучаць у мінскіх студыях La Camargo і Balancé, школе “Капітэль”, віцебскай суполцы “Шляхецкі баль”, гомельскай "Кружево шагов" барысаўскай студыі гістарычнага танцу L'Empire.

Да 8 верасня ў Лошыцкай сядзібе можна паглядзець выставу касцюмаў першай паловы ХІХ стагоддзя
«Куфэрак: на вайне і ў бальнай залі». Экспазіцыя прысвечана эпосе Напалеонаўскіх войнаў і эвалюцыі дамскай бальнай моды ў 1800 – 1840 гадох. Акрамя агульнаеўрапейскіх тэндэнцый у касцюмах адлюстраваныя асаблівасці адзення беларускай арыстакратыі. У апошні дзень працы выставы студыя La Camargo зладзіць у сядзібе адкрыты бал для ўсіх ахвочых.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: