У Міёрах з’явіўся мурал-квэст у выглядзе дывана-маляванкі

Дыван-маляванка цяпер упрыгожвае сцяну будынка ў Мёрах (Міёрах) на вуліцы Дзяржынскага, 18. На мурале, які выканаў вядомы стрыт-артар Алесь Kontra на замову грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), адлюстраваныя славутасці і адметнасці раёна.

— Паколькі Язэп Драздовіч з гэтых краёў і традыцыя маляванак там даволі распаўсюджаная, то я прапанаваў зрабіць у Міёрах мурал менавіта ў выглядзе стылізаванага дывана-маляванкі, — расказвае Алесь. — На ім выяўлены 10 славутасцяў Міёрскага раёна – напрыклад, вадаспад у Вяце і каменная званіца ў Навалоцы. Пра ўсе расказваць не буду, каб было цікавей адгадаць самім. На мурале можна пабачыць жураўлёў, лебедзяў, журавіны на арнаменце – гэта таксама адметнасці і своеасаблівыя мясцовыя сімвалы. Спачатку жыхары паставіліся да мурала з асцярогай, а потым, калі я скончыў працу, пайшлі выключна пазітыўныя водгукі. Многія падыходзілі і спрабавалі адгадаць, якія помнікі з якіх населеных пунктаў намаляваныя. Адзін хлопец ехаў міма і здалёк убачыў мурал, сказаў, што адразу пазнаў помнікі з Лявонпаля і потым яшчэ раз пад’язджаў.

АПБ запрашае ўсіх зацікаўленых прайсці квэст і знайсці ўсе славутасці Міёршчыны, выяўленыя на мурале, а потым іх наведаць, каб палюбавацца ўжывую!

Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па развіцці турызму:

 У межах праекта “Разам для грамады і прыроды Міёршчыны” ў нас запланавана пяць графіці ў Міёрскім раёне. Гэты мурал стаў першым з іх. Мастацкая задумка Аляксандра аб’яднаць усе славутасці раёна ў яркім малюнку не пакінула нікога абыякавым. На наш погляд, гэта выдатная ідэя, якая можа быць карысная турыстам і прыцягне ўвагу мясцовых жыхароў. Першым мурал раскажа пра ўсё самае цікавае, што можна пабачыць у раёне, а другім нагадае пра тыя скарбы, якія захоўваюць гэтыя мясціны, і стане нагодай для гонару за свой край. Адметнае і размяшчэнне мурала – у самым цэнтры горада на пешаходнай вуліцы.

Мурал намаляваны ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, прадстаўленага Еўрапейскай камісіяй.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: