У Мінску адкрыецца фотавыстава пра першыя гады незалежнасці Беларусі

31 кастрычніка ў мінскай прасторы «ZAL#2» адкрыецца фотавыстава «Змена», на якой будуць прэзентаваныя працы аднаго з самых выбітных фотажурналістаў у гісторыі Беларусі – Сяргея Брушко, паведамляе Белсат.
Фотавыстава дакументальна адлюстроўвае эпахальны перыяд у гісторыі Беларусі канца 1980-х – пачатку 1990-х: час Перабудовы і першых гадоў незалежнасці, час свабоды і зменаў. Яе адкрыццё прымеркаванае да 30-годдзя падзення Берлінскай сцяны і праходзіць пры падтрымцы амбасады ЗША ў Мінску.

Сяргей Брушко працаваў фотакарэспандэнтам у моладзевай газеце «Чырвоная змена», фотаздымкі са старонак якой і будуць прадстаўленыя на выставе. У ягоных здымках задакументаваныя гістарычныя выклікі, з якімі сутыкнулася Беларусь: эканамічны крызіс, мітынгі і забастоўкі рабочых, наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Хоць фотаздымкі Сяргея часцяком сфакусаваныя на сацыяльных праблемах і гістарычна пераломных момантах, галоўныя іх героі – звычайныя людзі, якім выпала жыць у няпросты час.

Выставы фотамастака праходзілі ў Нямеччыне, Швейцарыі, Беларусі, Ірландыі. Сяргей Брушко памёр у 2000 годзе, пакінуўшы пасля сябе калекцыю дакументальнай фатаграфіі.

Сёлета ўвесну ягоны сын Дзмітрый Брушко пры дапамозе краўдфандынгавай платформы Ulej паспяхова выдаў фотаальбом свайго бацькі, і калекцыя з яго легла ў аснову выставы. У альбом таксама ўвайшлі ўспаміны сведак таго часу: Валянціна Акудовіча, Уладзіміра Коласа, Мікалая Халезіна, Анатоля Гуляева і іншых.

Фотакнігу прадставяць шырокай публіцы на адкрыцці фотавыставы 31 кастрычніка ў прасторы ZAL#2 у Палацы мастацтваў на Казлова, 3. Сама экспазіцыя будзе працаваць амаль штодня да 19 лістапада з 11.00 да 20.00 (панядзелак – выхадны). Уваход на выставу вольны.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!