У Мінску пакажуць беларуска-нямецкі спектакль паводле кнігі Алексіевіч

У культ. цэнтры «Корпус» 6 ліпеня пакажуць спектакль паводле кнігі Святланы Алексіевіч «Апошнія сведкі. Дзеці ў Другую сусветную вайну» (16+).


Адаптацыя і пастаноўка: Йохан Лангнэр (Германія);
асістэнт рэжысёра: Фахрі Сахіна Сарімезэ;
кансультант-лінгвіст і вусны перакладчык: Міхаіл Яўсцюгоў-Бабаеў.

У сваім «рамане галасоў» Святлана Алексіевіч сабрала і змантавала дзіцячыя ўспаміны дарослых людзей пра нацысцкі тэрор і злачынствы Вермахта супраць грамадзянскага насельніцтва ў Беларусі. Гэты мантаж успамінаў для тэатральнай сцэны спалучае маналог з «харавым сведчаннем», апавядае пра жахі вайны і спрабуе зразумець сутнасць і механізм уласна успамінаў.

Сумесная мастацкая праца акцёраў з рознымі культурнымі каранямі ў межах супольнага беларуска-нямецкага ансамбля ствараюць магчымасць для дыялогу пакаленняў і культур памяці, дазваляючы па-новаму зірнуць на сучаснасць і яе выклікі. Прыгадваючы мінулае «Апошнія сведкі» ўскосна распавядаюць і пра ўспаміны і душэўныя траўмы бежанцаў з гарачых пунктаў у наш час.

Прэм'ера спектакля адбылася ў Theater im Bauturm у Кёльне 12 чэрвеня 2019 года. Гастрольныя паказы адбудуцца на некалькіх тэатральных сцэнах у Германіі і Беларусі. Пасля спектакля адбудзецца дыскусія.

Йохан Лангнэр — свабодны рэжысёр і акцёр з Кёльна. Вучыўся на факультэце германістыкі і сацыялогіі Гамбургскага універсітэта, скончыў факультэт акцёрскага майстэрства тэатральнага вучылішча імя Эрнста Буша (Hochschule für Schauspielkunst Ernst Busch) у Берліне. Яго рэжысёрскія працы сумяшчаюць галіны тэатра і радыё: Anhaltisches Theater г. Дэсаў, радыёстанцыя Deutschlandfunk, тэлерадыёкампанія WDR, радыёстанцыя Эхо Москвы і інш.

Тэатральны праект рэалізаваны пры падтрымцы міністэрства замежных спраў Германіі.

Мерапрыемства пройдзе 6 ліпеня ў культ. цэнтры «Корпус» (пр. Машэрава, 9, корпус 8). Пачатак а 20 гадзіне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: