У Мiнску праходзіць сенсацыйная выстава — спяшайцеся наведаць

Днямі ў сталічнай галерэi LIBRA на плошчы Перамогi (пр.Незалежнасцi, 37) адкрылася выстава «Сальвадор Далi i Пабла Пiкаса».
Экспазiцыянеры прапануюць пазнаёмiцца са скульптурнымi i графiчнымi творамi Далi i Пiкаса, iспанскiх мастакоў, якiх рэдка збiраюць i паказваюць побач – насуперак іх духоўнай i творчай блiзкасцi. Абодва захаплялiся паэзiяй Гiёма Апалiнэра, выхадца з беларускай фамiлii Кастравiцкiх (Пiкаса сябраваў з паэтам), абодва працягла жылi ў Францыi, абодва стваралi поўныя фантастыкi (якая прысутнiчае ў штодзённым жыццi) вобразы.

Вы можаце сказаць: выдатная калекцыя керамiкi Пабла Пiкаса, падараваная Надзеяй Хадасевiч-Лежэ, ёсць у Нацыянальным мастацкiм музеi. Але раiм наведаць выставу: разнастайнасць i якасць прадстаўленых экспанатаў напэўна ўразiць вас.
«Выстава нашай калекцыi – унiкальная магчымасць убачыць самы вялiкi збор малой скульптуры, керамiкi i графiкi Пабла Пiкаса i Сальвадора Далi на абсягах былога СССР. Перад Мiнскам быў паказ у Маскве (хаця ў Расii мы выстаўляемся толькi зрэдчас). Раней калекцыя 4 гады паказвалася ў Кiтаi, а яшчэ раней – у еўрапейскiх краiнах. З Мiнску зноў накiруемся ў Кiтай. А збiраецца калекцыя (у iнтэрнэце яе можна знайсцi як «Праект Аляксандра Шадрына») з 1999 года», – распавёў «Новаму Часу» стваральнiк збору Аляксандр Шадрын.

Паколькi НЧ пiша пра галерэю LIBRA упершыню, паведамляем: новая арт-прастора адчынiлася ў цэнтры горада 7 лiпеня 2018 года як прыватная iнiцыятыва Аляксандра Гальперына. Яе мэта – папулярызацыя як гiсторыка-культурнай спадчыны Беларусi (на першай выставе дэманстравалiся экспанаты з Нясвiжа), так i твораў замежных сусветна славугых майстроў. Змена экспазiцый у галерэі адбываецца кожныя 2—3 месяцы.
Аляксандр Шадрын (злева) i Аляксандр Гальперын

Аляксандр Шадрын (злева) i Аляксандр Гальперын

Выстава «Сальвадор Далi i Пабла Пiкаса» будзе працаваць да 18 лютага 2019 года.

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: