У Мінску прэзентавалі альбом «Творчая суполка «Пагоня» (фота)

Вечарам 28 кастрычніка ў сталічнай сядзібе Партыі БНФ  адбылася ўрачыстая прэзентацыя альбома-каталога «Творчая суполка «Пагоня».



Гэты 232-старонкавы фаліянт выдадзены ў Мінску невялікім накладам на сродкі беларускай грамадскасці з нагоды 25-годдзя творчага аб’яднання, што адзначалася ў мінулым годзе.

У прадмове да выдання мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі зазначыў, што палітычнаму суверэнітэту краіны папярэднічае фармаванне духоўнага суверэнітэту грамадства.У пачатку 1990-х, на мяжы дзвюх эпох, суполцы “Пагоня” наканавана было сказаць важкае слова на мове, зразумелай тагачаснай беларускай грамадзе.

За 25 гадоў сябрамі «Пагоні» створана мноства карцін, скульптур, графічных аркушаў. Ладзіліся пленэры, адбываліся выставы, што мелі шырокі грамадскі розгалас. Гэта здабытак, якім варта ганарыцца. Але галоўнае — «Пагоня» стала адным з культурных каталізатараў палітычнага працэсу, у выніку якога адрадзілася і рэальна паўстала сувярэнная Беларуская дзяржава.

Ва ўступных артыкулах прадстаўлена гісторыя суполкі і яе грамадска-палітычная дзейнасць. Большая частка альбому прысвечана творчасці 114 мастакоў і мастацвазнаўцаў, якія ў розныя гады ўваходзілі у «Пагоню» і супрацоўнічалі з ёю. Апроч таго, у выданні пададзеная бібліяграфія, храналогія асноўных падзеяў з гісторыі творчага аб’яднання і ягоны склад у 1990-2016 гадах.  

Кветкі заснавальніку “Пагоні” Алесю Мары 


Заснавальнік «Пагоні», выбітны беларускі мастак і грамадскі дзеяч Алесь Мара (Аляксей Марачкін) звярнуў увагу на ўнёсак Яўгена Куліка і Міколы Купавы ў заснаванне суполкі, падкрэсліў выключную ролю айчыннай грамадскай супольнасці, якая сумеснымі высілкамі змагла выдаць такі шыкоўны альбом, праца над якім доўжылася амаль год. Спадар Алесь выказаў асаблівую падзяку рэдкалегіі каталогу ў складзе Эдуарда Агуновіча, Ягора Батальёнка, Таццяны Маркавец-Гаранскай, Лявона Грышука, Генадзя Драздова, укладальніка Ігара Марачкіна, Віктара Мікіты, рэдактара Зміцера Санько. аўтара дызайну Усевалада Свентахоўскага, Георгія Скрыпніченкі, які, на жаль, ужо адышоў у нябёсы, Льва Талбузіна і Алеся Цыркунова.

Алесь Мара прамаўляе на фоне сваёй працы — партрэта Яўгена Куліка. Злева — Генадзь Драздоў, справа — Аляксей Янукевіч

Алесь Мара прамаўляе на фоне сваёй працы — партрэта Яўгена Куліка. Злева — Генадзь Драздоў, справа — Аляксей Янукевіч


Алесь Мара паведаміў, што рыхтуецца другое выданне альбому, у якое ўвойдуць творы толькі тых мастакоў, якія зараз з’яўляюцца сябрамі «Пагоні».

Старшыня «Пагоні» Генадзь Драздоў адзначыў вялікую ролю Лявона Баразны ў стварэнні перадумоваў для арганізацыі суполкі, павіншаваў яе сябраў з выхадам выдання і назваў сваіх аднадумцаў-пагонічаў «соллю беларускай зямлі», якая іх узрасціла і выхавала.

Аднадумцы-пагонічы

Аднадумцы-пагонічы


Старшыны Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падкрэсліў выбітную ролю мастакоў суполкі ў змаганні супраць савецкага таталітарызму і расейскага шавінізму, выказаў удзячнасць пагонічам за ўнёсак у справу беларускага нацыянальнага адраджэння, пажадаў мастакам творчага натхнення і больш спрыяльных умоваў для іх прафесійнай дзейнасці.  

Аднадумцы-пагонічы

Аднадумцы-пагонічы


Мастацвазнаўца Таццяна Гаранская звярнула ўвагу на актуальнасць падрыхтоўкі навуковай манаграфіі, прысвечанай творчасці суполкі  «Пагоня». З  прапановы спадарыні Таццяны ўдзельнікі вечарыны хвілінай маўчання памянулі тых 27 пагонічаў, хто не дажыў да сёння. Сярод іх — Пятро Драчоў, Рыгор Кійко, Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Міхась Раманюк, Генадзь Сокалаў-Кубай, Віктар Сташчанюк, Уладзімер Сулкоўскі, Сяржук Цімохаў, Пётра Шарыпа. Яўген Шатохін і Віктар Шматаў.

Аднадумцы-пагонічы


Сваімі песнямі вечарыну, на якой экспанаваліся творы пагонічаў, аздобіў бард Зміцер Захарэвіч.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!