У Мінску прэзентавалі «Чытанкі для маленькіх-2»

Нядзельным ранкам у культурніцкай прасторы «Тартак» прайшоў ужо традыцыйны для Міжнароднага паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце» ранішнік-прэзентацыя «Чытанкі для маленькіх-2».
У залі сабраліся бацькі з малымі, каб паслухаць, як чытаюць і інсцынуюць дзіцячыя творы сучасныя паэты, пісьменнікі і перакладчыкі.

Святлана Тоўсцік праінсцынавала казку на самаробных ляльках, а таксама накарміла прысутных дамашнімі піражкамі.


Вера Бурлак прачытала дзеткам верш, які чытае прынцыпова ўзімку — пра птушак, якім у гэты час патрэбная дапамога. А таксама дзеткі пачулі фрагмент перакладзенай з англійскай на беларускую «Скрозь Люстэрка і што ўбачыла там Аліса» Льюіса Кэрала.

На ранішніку была асаблівая госця — паэтка з Украіны Марыянна Кіяноўска. Маленькія слухачы не толькі змаглі паслухаць верш на ўкраінскай мове, але і даведацца, што існуюць такія гарады як Кіеў і Львоў.

Андрэй Хадановіч прачытаў не толькі свае вершы, але і пазнаёміў дзетак з вершамі Барадуліна, які пісаў, аказваецца, яшчэ і для малых. Праспяваў паэт-перакладчык і ўжо знакамітую «Песню пра белага мядзведзя» на беларускай мове.


Ну а гурт «Мярэжа» заспяваў разам з дзеткамі «Куру-Шчабятуру», павадзіў карагод і згуляў традыцыйную гульню «Явар».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: