
Гэта кніга стала апошняй вялікай працай выбітнага дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава. Сродкі на перавыданне сабралі на народныя грошы з дапамогай платформы Ulej.by.
З нагоды прэзентацыі прайшла вечарына «Чуць. Бачыць. Разумець» з удзелам актора Рамана Падаляка і музыкі Змітра Лук’янчыка.


«Беларусь — адна з нешматлікіх краін, у назве якой прысутнічае колер. Спроб нейкім чынам гэтую прысутнасць патлумачыць рабілася шмат і здаўна. Частка гэтых тлумачэнняў, нягледзячы на іх спрэчнасць, прыжылася ў нашай калектыўнай свядомасці, зрабілася складнікам нацыянальнага міфа», — пісаў Міхал Анемпадыстаў, а на прэзентацыі зачытваў Раман Падаляка. Актор закрануў усе часткі альбому: «Белы», «Чорны», «Чырвоны», «Сіні. Блакітны», «Шэры», «Залаты. Жоўты», «Зялёны». Кожны колер паўстае як прадукт культуры, для якога на пэўным этапе гісторыі з’яўляецца адпаведная назва.
Пасля атмасфернай прэзентацыі выступала адна з ініцыятарак кампаніі — каардынатарка Лятучага ўніверсітэту Таццяна Вадалажская.

Таццяна Вадалажская
Жанчына нагадала, што такая мажлівасць адбылася, дзякуючы краўдфандынгавай платформе Ulej. Да кампаніі далучылася 365 чалавек. У выніку атрымалася выдаць наклад у 1700 асобнікаў.

Ева Ліпніцкая
Паэт і мастак Павел Дарохін прачытаў некалькі вершаў Анемпадыстава.

Павел Дарохін
«Колер Беларусі» — захапляльнае падарожжа ў Беларусь праз гісторыю і сучаснасць колераў. Гэта адна з першых спробаў прадставіць беларускую мінуўшчыну і сучаснасць праз яе колеры і адценні, прыродныя структуры, народжаныя пад уздзеяннямі трох стыхій. Альбом можна набыць у кнігарні «Логвінаў».
Нагадаем, год таму мы асвятлялі адкрыццё выставы «Колер Беларусі» у Мінску. Гэта быў адзін з апошніх матэрыялаў нашага аўтара Анатоля Мяльгуя.