У Мінску прэзентуюць раман, які пабіў адразу два рэкорды беларускай літаратуры

Новы раман Кірыла Стаселькі «Дзевяць жыццяў Віта Морэ» паставіў адразу два рэкорды беларускай літаратуры: жанравы і па колькасці персанажаў.
У творы, які мае нестандартную для класічных тэкстаў структуру, выкарыстоўваецца адразу 7 літаратурных жанраў. Акрамя таго, раман налічвае больш за 260 персанажаў, што з’яўляецца рэкорднай лічбай для беларускай мастацкай прозы.

«Дзевяць жыццяў Віта Морэ» ‒ захапляльны, непрадказальны, эксперыментальны твор, які гарманічна сумяшчае розныя літаратурныя жанры і філасофскія канцэпцыі ў адно цэлае. Чытач акунецца ў шэраг гістарычных перыядаў і падзей, кантынентаў і краін ад Беларусі да Егіпта, вялікіх твораў ад Дантэ да Кафкі, ідэй і канцэпцый ад ніцшэанства да прагматызму.

Кніга ‒ не столькі літаратурны тэкст, размова аўтара з чытачом, колькі дыялог чытача з самім сабой і ўласным унутраным светам. Віта Морэ ‒ не проста галоўны герой, канкрэтная асоба, але вобраз, прататып, які, з аднаго боку, яднае нас, а з іншага ‒ выяўляе нашу рознасць і ўнікальнасць, выяўляе нашы памкненні, страхі, чаканні і матывы.

 Папярэднія кнігі аўтара ‒ «Дзіцячы маніфест» і «Marginalis» ‒ уваходзілі ў спісы шэрагу літаратурных прэмій. У прыватнасці, «Дзіцячы маніфест» увайшоў у шорт-ліст Прэміі імя М. Багдановіча і лонг-ліст Прэміі імя Е. Гедройца. Раман «Marginalis» некалькі гадоў уваходзіў у спісы бестсэлераў, у тым ліку, крамы oz.by.

Прэзентацыя кнігі «Дзевяць жыццяў Віта Морэ» адбудзецца 19 красавіка а 19:00 па адрасе: вул. М. Багдановіча, 7а (Музей М. Багдановіча, Траецкае прадмесце).

Паводле прэс-рэлізу


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: