У Мінску пройдзе 12 адкрытых лекцый пра беларускіх паэтаў 1930-х

Цягам восені ў межах праекту «(Не) расстраляная паэзія» знаўцы беларускай літаратуры разам з музыкамі распавядуць пра паэтаў, чый шлях быў гвалтоўна спынены 80 год таму.

Сябры літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк», Мінск, 1925 год. Сядзяць злева направа: Язэп Падабед, Алесь Якімовіч, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Язэп Пушча, стаяць злева направа: Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Паўлюк Трус, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. У 1930-х з 11 чалавек са здымку дзевяць будуць рэпрэсаваныя, пяцёра пасля рэпрэсій не выжывуць

Кожны з літаратурных экспертаў правядзе па дзве лекцыі цягам верасня-лістапада ў кнігарні «Логвінаў». Ганна Севярынец рыхтуецца распавесці пра Міхася Чарота і Алеся Дудара, Андрэй Хадановіч – пра Юлія Таўбіна і Тодара Кляшторнага, Аляксей Стрэльнікаў – пра Міхася Зарэцкага і Уладзіслава Галубка, Вольф Рубінчык – пра Ізі Харыка і Майсея Кульбака, Віктар Жыбуль – пра Юрку Лявоннага і Зяму Піваварава, Антон Рудак – пра Анатоля Вольнага і Валерыя Маракова.

«Мы хочам зрабіць гэтыя вечарыны ў надзвычай цікавым фармаце, таму просім шаноўных лектараў звярнуць увагу на малавядомыя моманты з жыцця паэтаў і на тыя іх творы, якія былі забытыя пасля расстрэлу аўтараў. Мы хочам зразумець, якімі яны былі людзьмі, чым жылі і натхняліся, чым уражвалі і абуралі тых, хто быў побач з імі. І тым самым сцвердзіць, што памяці пра гэтых творцаў наканавана жыць далей, як бы там нехта не хацеў інакш», – зазначае прадзюсар праекту Сяргей Будкін.

У лекцыях таксама возьмуць удзел музыкі, якія ў камерным фармаце ўпершыню зайграюць песні, напісаныя на словы рэпрэсаваных творцаў.  У межах лекцый запланаваная прэзентацыя «маўклівых кнігаў», якія найперш атрымаюць тыя, хто падтрымаў праект на Talaka.by.

Усе 12 лекцый будуць дэманстравацца он-лайн: кожная зь іх праз персанальную старонку паэта-героя праекту на Facebook.  Адрасы ўсіх старонак – тут. Поўны расклад лекцый будзе апублікаваны пры канцы жніўня.

Яшчэ можна спрычыніцца да рэалізацыі праекту «(Не) расстраляная паэзія». Краўдфандынгавая кампанія сканчаецца 31 ліпеня.

Падтрымаць праект можна па спасылцы. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: