У Мінску пройдзе фестываль фінскага танга

Фестываль фінскага танга адбудзецца 29 ліпеня з 14.00 да 18.00 на плошчы Свабоды і на іншых пляцоўках Верхняга горада. Свята ладзіцца з нагоды 100-годдзя атрымання Фінляндыяй дзяржаўнай незалежнасці (6 снежня 1917 г.)

Фіны лічаць танга адной з візітных картак сваёй краіны, і нават улучылі яго ў лік 100 сацыяльных інавацый Фінляндыі (беларускі пераклад аднайменнай кнігі не так даўно прэзентавалі ў Мінску).

Фінскае танга не менш эмацыйнае за аргентынскае, аднак мае шэраг асаблівасцяў. У варыяцыі гэтага танца праглядаюцца нацыянальныя рысы фінаў — далікатнасць, сціпласць, тактоўнасць.

Аргентынскае танга на пачатку XX стагоддзя праз Парыж распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе. Лічыцца, што ў Фінляндыі танга ўпершыню прагучала ўлетку 1912-га, калі ў рэстаране “Кайвахуонэ” выступіў цыганскі гурт з Санкт-Пецярбурга. У 1914-м першае фінскае танга напісаў кампазітар Эміль Каўпі. Ужо ў 1940-х палова песень у нацыянальных музычных чартах была ў стылі танга. У пасляваенны перыяд фінскае танга распаўсюдзілася і ў сельскай мясцовасці, дзе было з энтузіязмам прынята мясцовымі жыхарамі. У 1962 годзе актор Рэйа Тайпале праспяваў песню Унта Манонена «Satumaa» і назваў гэта танга «фінскім гімнам». Выканаўца і песня заваявалі ўсенародную любоў, а модны танец ужо не сыходзіў з падмосткаў, стаўшы абавязковым атрыбутам папулярных танцавальных вечароў у Фінляндыі.

Невялікі паўночнафінскі гарадок Сэйняёкі штогод улетку збірае на фестываль да 100 тысяч аматараў гэтага танца. Танга ў Фінляндыі не толькі танчаць, але і спяваюць, прычым гэта лічыцца мужчынскім мастацтвам. Менавіта мужчыны выступаюць і аўтарамі, і выканаўцамі песень, галоўная тэма якіх — каханне. Так што гісторыі пра халодны фінскі мужчынскі характар — не больш чым міф.

Літаратуразнаўцы адзначаюць, што тэксты танга адлюстроўваюць і старадаўнюю народную паэзію, фінскую нацыянальную “самаадданую тугу”. Цікава, што каралі і каралевы танга ў Фінляндыі папулярнейшыя за пераможцаў конкурсаў прыгажосці і знакамітых спартсменаў.

Хэдлайнерамі фестывалю фінскага танга ў Мінску выступяць папулярныя артысты — спявак і танцор Тээму Ройванен, які быў прызнаны каралём танга 2014 года на фестывалі ў Сэйняёкі, а таксама танцоры Ханна Аянаха і Віле Іманен і штукар-ілюзіяніст Ёні Паканітэ.

Да фінскіх артыстаў далучацца беларускія калегі. Са 100-гадовым юбілеем незалежнасці Фінляндыю павіншуюць Георгій Калдун, гурт Litesound, музычны праект BonVoyage, аркестр Алімпія Класіка і іншыя выканаўцы.

Для гасцей і гледачоў будуць арганізаваны танцавальныя майстар-класы. На фестывалі можна будзе пагуляць у фінскія гарадкі і фларбол, узяць удзел у майстар-класе па выпечцы фінскіх кандытарскіх вырабаў, перакусіць у фуд-корце, выпрабаваць свае сілы на аўтаномным скаладроме, падтрымаць дабрачынныя і сацыяльныя праекты, пазнаёміцца з навінкамі фінскай літаратуры, павучыць фінскую мову і адкрыць для сябе магчымасці падарожжаў па Фінляндыі.

24–30 ліпеня ў Мінску пройдзе Тыдзень фінскай кухні. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: