У Мінску шведская пісьменніца і мастачка Сара Лундберг распавядзе, што рабіць з марамі

18 кастрычніка 2019 года а 18:00 у памяшканні Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў (Мінск, вул. Някрасава, 3) адбудзецца сустрэча са шведскай мастачкай і пісьменніцай Сарай Лундберг, у рамках якой таксама запланавана аўтограф-сесія. Уваход вольны.
Візіт Сары Лундберг у Беларусь арганізаваны ў межах выставачнага праекта “Прысутнасць” Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. У асобнай залі з 3 кастрычніка па 9 лістапада 2019 года экспануецца серыя ілюстрацый Сары Лундберг да дзіцячай кнігі “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча”, якая выйшла ў беларускім перакладзе Надзеі Кандрусевіч у выдавецтве Koska ў 2018 годзе. Выстава і сустрэча арганізаваныя пры падтрымцы дзяржаўнай Рады па культуры Швецыі і Пасольства Швецыі ў Мінску.

Сара Лундберг — шведская пісьменніца і мастачка. Нарадзілася ў 1971 годзе. У 1994 годзе скончыла Мастацкі каледж Уэстмінстэра, штат Мэрылэнд, ЗША, са ступенню кандыдата мастацтва і тэатра. У 2008 годзе скончыла Акадэмію мастацтваў у Стакгольме. У 2009 годзе дэбютавала са сваёй першай кнігай “Віта Белая Крэска” адначасова як аўтарка і як ілюстратарка.

У 2011 годзе працяг кнігі “Віта Белая Крэска і Эйвінд” быў намінаваны на прэмію Аўгуста.

У 2017 годзе Сара Лундберг атрымала прэмію Аўгуста за кнігу “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча”, якая была прызнана найлепшай кнігай года ў Швецыі для дзяцей і падлеткаў.

Выстава Сары Лундберг — кампазіцыя з ілюстрацый мастачкі да кнігі “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча”. Гісторыя, натхнёная жыццём, працай, лістамі і дзённікамі шведскай мастачкі Бэрты Хансан.

На пачатку 1900-х у вёсцы Хамердаль у Швецыі нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі Бэртай. Больш за ўсё на свеце яна любіла маляваць і марыла стаць мастачкай. Але ў той час атрымаць мастацкую адукацыю было надзвычай складана. Асабліва дзяўчынцы з простай сялянскай сям’і. Бэрта мусіла дапамагаць па гаспадарцы, калі яе маці захварэла на сухоты.

Але што рабіць з марамі і жаданнямі? Ці спраўдзяцца яны?

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: