У Мсціславе павалілася сцяна 260-гадовага касцёла

У Мсціславе павалілася частка 260-гадовага касцёла. Заклікі да двух міністраў і грамадскасці пачаць ратаваць будынак як мага хутчэй не дапамаглі.
Пра тое, што павалілася частка сцяны касцёла ў Мсціславе, распавёў мінчук і ўраджэнец Мсціслава Дзяніс Касцюкевіч. Ён апублікаваў відэа, якое атрымалася даволі эмацыйным.
Актывіст двойчы звяртаўся да міністраў культуры — былога і цяперашняга — Барыса Святлова і Юрыя Бондара — з просьбай выратаваць будынак рэдкай прыгажосці і архітэктуры.

Пасля відэазвароту да Святлова Дзянісу прыйшоў адказ за подпісам намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко аб тым, што вылучыць сродкі з рэспубліканскага бюджэту на «вышэйадзначаную гісторыка-культурную каштоўнасць не ўяўляецца магчымым».

У адказе таксама напісалі, што ў чэрвені 2017 года Міністэрства культуры «прапанавала Мсціслаўскаму райвыканкаму прапрацаваць з уласнікам гісторыка-культурнай каштоўнасці пытанне і прыняць меры па прыцягненні рэсурсаў грамадскіх і камерцыйных арганізацый, спонсараў, інвестараў [...] для стварэння ўмоў па забеспячэнні захаванасці аб'екта спадчыны, у тым ліку і па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі».

У мсціслаўскіх уладаў грошай на рэканструкцыю касцёла тым больш не знайшлося. Толькі праектна-каштарысная дакументацыя для рэканструкцыі касцёла каштуе 100 тыс. рублёў. І сума гэтая прыблізная.

Так езуіцкі касцёл выглядаў знутры два месяцы таму, калі па будынку пайшлі новыя расколіны.

Калона і аркі са зборам, якія яна трымала, абрынуліся з-за таго, што няма даху. І вось праз два месяцы павалілася частка сцяны.

— Пасля абвалу на месца выязджалі нашы спецыялісты па будаўніцтве, супрацоўнікі МНС, каб пераканацца ў тым, што няма небяспекі людзям, — распавёў намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Ігар Мельнікаў.


Паводле яго слоў, доступ у будынак зачынены, ёсць агароджа, каб да яго не набліжаліся людзі. Цяпер чыноўнікі вырашаюць, што рабіць далей. Але гаворкі аб рэканструкцыі будынка па-ранейшаму не ідзе, падкрэсліў Ігар Мельнікаў. Для раённага бюджэту гэта проста непад'ёмная сума.

З моманту першага відэазвароту з просьбай пачаць ратаваць касцёл прайшло 5 месяцаў. Падобна на тое, сумны прагноз Касцюкевіча пра тое, што праз год ратаваць ужо не будзе чаго, пачынае спраўджвацца.

Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: