У Нацыянальным гістарычным музеі адыкрыюць выставу «Віктар Сташчанюк. Зачараваны старажытным Менскам»

Выстава з'яўляецца папленэрным вынікам вочнай і завочнай супрацы ў Мінску 23 мастакоў з розных рэгіёнаў Беларусі – тых, хто хацеў аддаць даніну павагі выдатнаму беларускаму мастаку, надзвычай сціпламу па натуры і вялікаму ў сэнсе адданасці служэнню Бацькаўшчыне.
Сёння мы, бадай, не знойдзем ніводнага гістарычнага выдання, падручніка, энцыклапедыі, ці то проста кнігі па старадаўняй гісторыі Беларусі, дзе б не прысутнічалі – паўнавартасна і пераканаўча – рэканструкцыі старых гарадоў у выкананні Віктара Сташчанюка. Наваградак, Менск, Заслаўе – ён адзін з першых, упарта і паслядоўна, абапіраючыся на самыя свежыя матэрыялы доследаў археолагаў і гісторыкаў – яго сучаснікаў, вяртаў амаль страчаную гісторыю нашай краіны. За ім пайшлі і іншыя: мастацка-гістарычныя рэканструкцыі, адна за другой цяпер шырокім інфармацыйным полем пашыраюць наш досвед пра даўнюю Беларусь. Толькі трэба заўсёды памятаць, што Віктар Сташчанюк у гэтай справе быў першапраходцам, а першым заўсёды нялёгка.

     Пленэр Памяці Віктара Сташчанюка ў Мінску – трэцці па ліку з трох пленэраў гэтай серыі, праведзеных у 2018 годзе. Першы адбыўся ў Наваградку. Па яго выніках адбылася выдатная выстава папленэрных твораў, што з поспехам прайшла ў Музеі Адама Міцкевіча і адчынялася 27 верасня – у дні святкавання выбітнага юбілею Адама Міцкевіча. Гэтак яе пабачылі не толькі нашы суайчыннікі, але і шматлікія замежныя госці, якія наведалі слаўны Наваградак.

Выстава ў Заслаўі, якая адкрылася 13 студзеня 2019 г., адрознівалася шырынёй фармальных і жанравых варыянтаў, якой наканавана ўвасобіць бачанне кожнага з творцаў-удзельнікаў пленэра Заслаўя – што так цаніў і старанна ўвасабляў Віктар Сташчанюк – унікальнага даўніной і накапленнямі гістарычных артэфактаў горада з тысячагадовай гісторыяй.

Вынікі трэццяга этапа пленэра памяці Віктара Сташчанюка, што праводзіўся ў Мінску, будуць прадстаўлены ў сталіцы Беларусі ў Нацыянальным гістарычным музеі на выставе "Віктар Сташчанюк. Зачараваны старажытным Менскам". На ёй будуць прадстаўлены работы мастакоў з розных гарадоў Беларусі, выкананыя ў графіцы, жывапісе, акварэлі, фатаграфіі і іншых тэхніках Без сумнення, вернісаж у адной з цэнтральных выставачных залаў горада наведаюць многія менчукі.

Таццяна Гаранская – мастацтвазнаўца, арганізатар і куратар трох пленэраў памяці Віктара Сташчанюка і трох папленэрных выстаў. 


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!