У Нацыянальным гістарычным музеі прэзентуюць новыя выданні

14 сакавіка 2019 г. а 15-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12) пройдзе прэзентацыя новых музейных выданняў: зборніка навуковых прац «Музейны веснік» і каталога выставы «Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля».
Зборнік навуковых прац “Музейны веснік” выдаецца Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь з 2003 г. Ён з’яўляецца полем для шырокага абмену вопытам у галіне тэорыі і практыкі музейнай справы. Традыцыйнымі сталі рубрыкі “Гісторыя музейнай справы Беларусі”, “Новыя музеі і новыя музейныя экспазіцыі”, “Міжнародны вопыт у галіне музейнай справы”, “Музейны прадмет і музейная калекцыя: пытанні вывучэння, захоўвання, рэстаўрацыі” – яны сведчаць пра шырокі спектр пытанняў, якія цікавяць музейную супольнасць.

Шосты выпуск зборніка змяшчае матэрыялы Музейных чытанняў, якія былі арганізаваны ў рамках экспазіцыі “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”. Сярод 36-ці аўтараў зборніка – спецыялісты з музеяў Мінска, Віцебска, Бярозы, Гомеля, Полацка, Кобрына, Кіева, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, навукоўцы. Выданне ажыццёўлена ТАА “АРТЫЯ ГРУП” пры падтрымцы кампаніі “Джапан Табака Інтэрнэшнл ЭсЭнДзі”.

Кампанія надае вялікую ўвагу захаванню і прэзентацыі гісторыка-культурнай спадчыны, штогод прымаючы ўдзел у рэалізацыі праектаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Намеснік генеральнага менеджера JTI у Беларусі Генадзь Бруснікаў падкрэсліў: “Адна з мэтаў праграм JTI у сацыякультурнай сферы – зрабіць аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны як мага больш даступнымі для самай шырокай грамадскасці.

Мы ўпэўненыя, што выданне “Музейнага весніка”, якое ажыццяўляецца пры падтрымцы JTI, будзе запатрабавана не толькі прафесіяналамі, але і ўсімі, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі”.
Каталог выставы “Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля” выйшаў у свет у прыватным выдавецтве “Кнігазбор”.

Ён прэзентуе экспанаты, прадстаўленыя ў межах аднайменнага выставачнага праекта, які стаўся вынікам трывалага супрацоўніцтва паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Музей захоўвае найвялікшую ў Беларусі нумізматычную калекцыю, у той жа час гістарычны факультэт БДУ, у складзе якога дзейнічае Нумізматычны кабінет, дзякуючы нястомнай працы беларускага нумізмата Валянціна Рабцэвіча на працягу гадоў выступаў у якасці галоўнага асяродка нумізматыкі ў краіне.

Каталог выставы “Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля” змяшчае цікавы матэрыял для нумізматаў і ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй. У выданні прадстаўлена вялікая колькасць прадметаў, якія публікуюцца ўпершыню і не ведомыя шырокай аўдыторыі. Генеральным партнёрам выдання выступіла адкрытае акцыянернае таварыства “Пріорбанк”. На думку прадстаўнікоў банка, “грашовыя знакі любых відаў – гэта багатая крыніца інфармацыі, якая адлюстроўвае шматгранную гісторыю краіны. Нумізматыка мае вялікае значэнне ў даследаванні палітыкі, культуры, эканомікі, паколькі разам з маштабнымі дзяржаўнымі пераўтварэннямі змяняюцці і грошы. Выданне будзе цікавым не толькі для прафесіяналаў, але і шырокай публіцы. У ім у поўнай ступені адлюстравана гісторыя грашовых знакаў Беларусі, якая ахоплівае некалькі тысячагоддзяў”.

 У прэзентацыі бяруць удзел укладальнікі выданняў, аўтары публікацый, генеральныя партнёры музея, выдаўцы, кіраўнікі і супрацоўнікі музеяў краіны, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і інш.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!