«Гасцініца «Бельгія» — шанец вырвацца з замкнёнага кола гісторыі

Кажуць, гісторыя развіваецца па спіралі. Калі так, то раман гэты адлюстроўвае адзін з бясконцых яе віткоў. Колькі разоў айчынная мінуўшчына сціскалася менавіта ў падобны жахлівы віток, калі за світаннем адразу насоўвалася новая беспрасветная ноч?
Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

Ганна Севярынец. «Гасцініца “Бельгія”»: раман. Мінск, «Регистр».

Гасцініца «Бельгія» большую частку рамана як бы існуе па-за тэкстам. Але ўсё ў рамане пачынаецца з яе — падчас першага з’езда літаб’яднання «Маладняк» — і заканчваецца зруйнаваннем гасцініцы пры будаўніцтве Дома ўрада. Паміж гэтымі падзеямі — кароткі нават па маштабах хуткаплыннага чалавечага жыцця прамежак у дзясятак гадоў, за які старая будыніна перажыве разам з Менскам і яго жыхарамі чарговую драму.

Мы адчуваем пахі былога губернскага горада, які нядаўна зрабіўся сталіцай самастойнай беларускай рэспублікі. Мы чуем гукі конкі, гоман кірмаша, гул галасоў у калідорах новастворанага ўніверсітэта. І — новае пакаленне беларускіх пісьменнікаў. Алесь Дудар і Міхась Зарэцкі. Міхась Чарот і Анатоль Вольны. Уладзімір Дубоўка і Адам Бабарэка. Маладыя і імпэтныя. Таленавітыя…

Многія з іх загінуць ад чэкісцкай кулі ў адну чорную кастрычніцкую ноч 1937 года. Але ў рамане яны — жывыя. Са сваімі звычкамі, жэстамі, інтанацыямі. Яны пішуць вершы і прозу, ствараюць літаратурныя аб’яднанні, выдаюць часопісы ды газеты. Яны кахаюць, спрачаюцца, сварацца, п’юць гарэлку і агрэставае «Лошыцкае». Яны пакутуюць і нават часам ненавідзяць адзін аднаго. У кожнага свае ўяўленні ды амбіцыі. Аднак усе яны бязмежна любяць Беларусь і заўзята працуюць дзеля яе шчаслівай будучыні. Вось толькі неўзабаве выявіцца, што за шчырую працу гэтую можна лёгка стаць ворагам дзяржавы. Ворагам народа. Толькі за тое, што любіш сваё, роднае.

Пад жахлівым ціскам нават самыя цвёрдыя ды ўпартыя пачынаюць сумнявацца: мо я сапраўды рабіў нешта няправільна, можа, я сапраўды — вораг… Жыццё нібыта па-ранейшаму рушыць наперад: на вуліцах смяюцца студэнты, пракладаюцца трамвайныя рэйкі, будуюцца новыя гмахі. Але ў горадзе ўжо не стае прадуктаў і пануе страх…  

Асаблівая каштоўнасць гістарычнага рамана Ганны Севярынец у тым, што, бадай, кожная сюжэтная лінія, кожны паварот сюжэту і нават многія дробныя дэталі грунтуюцца на архіўных дакументах, мемуарах, дзённікавых запісах і звестках.

І яшчэ. У «Гасцініцы “Бельгія”» хаваюцца адказы на многія балючыя пытанні нашага сённяшняга дня. Як?.. Чаму?.. Дакуль?.. Таму чытайце яе. Калі ёсць такая магчымасць — чытайце разам з дзецьмі-падлеткамі. Разам з бацькамі. Бо гэта дадасць усім нам глыбіні разумення нашай мінуўшчыны і нас цяперашніх. А разуменне — гэта моц. І тады ў нас будзе шанец вырвацца нарэшце з замкнёнага кола гісторыі, у якім вялікая надзея шторазу змяняецца расчараваннем і трагедыяй.  


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: