У Нью-Ёрку прэзентавалі «Беларуска-амерыканскую фатаграфію»

14 красавіка ў беларускім цэнтры пры Саборы св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася прэзентацыя першага нумара першага ў гісторыі Беларускай фатаграфіі перыядычнага выдання па фатаграфіі — "Беларуска-амерыканская фатаграфія" Зянона Пазьняка.
Першы нумар перыядычнага выдання быў складзены з 2 частак. Першая частка — гэта падборка фотаздымкаў спадара Зянона “Тыпажы Нью-Ёрка”. Аўтар падзяліўся тым, што фатаграфія заўсёды была адным з накірункаў яго творчай дзейнасці. Падчас быцця ў Амерыцы ў спадара Зянона назбіралася шмат фотаздымкаў, якія можна падзяліць недзе на дзевяноста тэмаў.

Другая палова выдання — гэта падборка фотаздымкаў спадара Джона Кунстадтэра, у мінулым — амерыканскага дыпламата, сёння — прафесійнага фатографа, які падчас дыпламатычнай працы ў Беларусі палюбіў беларускую вёску, простых людзей, якія там жывуць, і штогод прыязджае ў Беларусь здымаць простых беларусаў, іх культуру і побыт.

Фактычна, першы нумар "Беларуска-амерыканскай фатаграфіі" складаецца з дзвюх частак, якія можна назваць наступным чынам: “Амерыканцы вачыма беларуса” і “Беларусы вачыма амерыканца”.
Напрыканцы прэзентацыі аўтар падзяліўся, што ў бліжэйшых нумарах альманаху з'явяцца фатаграфіі Уладзіміра Кармілкіна, Яўгена Шатохіна, Алеся Крыштаповіча і іншыя.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!