У новым кліпе «J:морс» – здымкі з першай беларускай авіякругасветкі!

Гурт «J:морс» разам з праектам Letim.by прадставіў у інтэрнэце кліп на песню «Крылы» пра першы беларускі кругасветны авіяпералёт.
Уладзімір Пугач, фота — Андрэй Давыдчык.

Уладзімір Пугач, фота — Андрэй Давыдчык.

У ролік увайшлі дакументальныя кадры, знятыя пілотамі на працягу ўсяго паларожжа: ад беларускіх лясоў да амерыканскіх раўнін і бяскрайніх прастораў Атлантыкі.

У жніўні-верасні 2018 года беларусы Аляксандр Цэнтар і Андрэй Барысевіч на Cessna 182T з беларускім регістрацыйным нумарам EW 490-LL абляцелі вакол зямнога шару. За 30 дзён падарожжа яны пераадолелі 30 тысяч кіламетраў, у тым ліку такія асабліва складаныя часткі, як пералёт над Атлантычным акеанам. І гэта ўсё на аднаматорным вінтавым летаку даўжынёў менш за 10 метраў.

– У мяне «J:морс» ужо дзесяць год сярод улюбёных гуртоў, – кажа пілот Андрэй Барысевіч. – Натуральна, што ў палёце мы слухалі іх запісы, нейкія фрагменты траплялі ў нашы Instagram-рэпартажы. Даведаўшыся пра гэта, хлопцы даслалі нам прывітанне – заспявалі песню «Грэнландыя» напярэдадні нашага пралёту над гэтым востравам. А ўжо пасля вяртання ў Мінск мы сустрэліся, пазнаёміліся і пасябравалі.

– Калі даведаўся, што беларускія хлопцы выправіліся ў кругасветку на летаку – радаваўся нібы дзіцё! – прызнаецца лідар «J:морс» Уладзімір Пугач. – Мяне заўжды прываблівалі такія праекты. Я сам люблю падарожнічаць. Але калі мы праглядалі для кліпа відэаматэрыл з пералёту, зразумеў, што з гэтым нічога не магчыма параўнаць. Хіба што палёт у космас.

Па выніках пералёта Letim.by прадставіць паўнафарматны фільм, таму кліп цалкам можна лічыць трэйлерам да яго. А сама песня «Крылы» дала назву новай канцэртнай праграме «J:морс», прем’ера якой адбудзецца 14 лютага ў Prime Hall.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць