У Оршы прадалі дом, дзе жыў Уладзімір Караткевіч

Выстаўлены на продаж дом ў Оршы, у якім пасля вайны жыла сям’я Уладзіміра Караткевіча, знайшоў новага гаспадара.

orsha.eu

«Наколькі мне вядома, дом прададзены. Я пра гэта пачула тыдні два таму, — распавядае Еўрарадыё Юлія Камарова, дырэктар «Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны», да якога належыць музей Уладзіміра Караткевіча. — Хто выкупіў, я не ведаю, але ведаю, што зносіць дом дакладна ніхто не збіраецца. Мы хадзілі глядзець, пакуль там усё як было. Цяпер дом у дрэнным стане, цячэ дах, яго трэба рамантаваць. Былая ўласніца перадала некалькі рэчаў, якімі карыстаўся Караткевіч, і з’ехала ва Украіну».

Дом Караткевічаў размешчаны насупраць радзільні на вуліцы, якая носіць імя пісьменніка. Жывучы тут, Уладзімір Сямёнавіч напісаў адзін з самых вядомых сваіх твораў — «Дзікае паляванне караля Стаха». Сюды прыязджалі яго сябры, у тым ліку, Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін.

Да 2015 года ў доме жыў Юрый Барабаш, муж Раісы Валер’еўны, пляменніцы Уладзіміра
Караткевіча. Шмат гадоў Юрый сачыў за домам. Пасля яго смерці ўласніцай стала яго дачка — Ірына, якая жыве ў Адэсе і рэдка бывае ў Оршы.

У канцы ліпеня 2018 года Ірына выствіла дом на продаж. Існавала небяспека, што новы ўласнік вырашыць пазбавіцца ад старога будынка і пабудаваць на яго месцы што-небудзь больш сучаснае.

За будынак прасілі 15 тысяч долараў. Каб выратаваць ад разбурэння, яго збіраліся выкупіць аршанскія грамадскія актывісты. Але, наколькі вядома Еўрарадыё, зрабіць гэта не атрымалася.

Па словах дырэктаркі, былая ўласніца запэўніла працаўнікоў музея, што новы гаспадар не будзе руйнаваць хату Караткевіча. Па інфармацыі журналістаў, дом пісьменніка набыў буйны беларускі бізнесмен, ураджэнец Оршы. Ён мае намер перадаць яго музею Уладзіміра Караткевіча.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-24 19:28:17
Эх далёка ад Мінска дом Караткевіча, дый б-ч-б змагары-патрыёты, якія ўпустую стаялі паўгода ля Курапат, а потым кінуліся КАЗАЦЬ аб дапамозе будаўнікам мемарыялу, нажаль, не знайшлі часу падрамантаваць дах дома Караткевіча і нават знайсці грошы на куплю дома ці арганізаваць збор грошаў, каб затым павесіць на ім б-ч-б сцяг і тусавацца тамака днямі і начамі як ля Курапат.

Няўжо Сьвяты Зя не ступаў ля дома Караткевіча? 'Эх шкада, што не ступаў. А то домік быў бы б-ч-б.
А так будзе беларускі.