У прамым эфіры «Зямля Эльзы»: VOKA працягвае серыю трансляцый са сцэны Купалаўскага тэатра

Спектакль «Зямля Эльзы» 23 кастрычніка ў 19:00 змогуць убачыць не толькі гледачы ў Купалаўскім тэатры, але і ўсе ахвотныя – бясплатна і ў любой кропцы Беларусі. Відэасервіс VOKA арганізуе прамую трансляцыю з Камернай сцэны найстарэйшага тэатра краіны – як працяг спецыяльнага праекта да 100-годдзя Купалаўскага.

У верасні Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы адкрыў свой соты сезон, які праходзіць пры падтрымцы генеральнага партнёра – кампаніі А1. Адным з яскравых сумесных праектаў, прымеркаваных да юбілейнай даты, стала серыя трансляцый знакавых спектакляў тэатра – па адным на месяц цягам сезона. Трансляцыя  распачалася 21 верасня з паказу спектакля «Радзіва «Прудок». Гэтым разам у прамым эфіры можна будзе ўбачыць яшчэ адну з леташніх прэм’ер – спектакль «Зямля Эльзы».

Спектакль пастаўлены рэжысёрам Аленай Ганум паводле п’есы сучаснага расійскага драматурга Яраславы Пуліновіч, якая сама прадстаўляе гэту гісторыю як фантазію пра несучаснае каханне. Галоўныя героі – Рамэа і Джульета, якім за 70, толькі завуць іх Эльза і Васіль, жывуць яны ў вёсцы, абодва нядаўна аўдавелі і перапудзілі сваім раманам аднавяскоўцаў усіх узростаў. У спектаклі задзейнічаны артысты самых розных пакаленняў.

У ролі Эльзы – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Качаткова, а яе каханага выконвае Мікалай Кучыц. У другім складзе – народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў. Таксама ў спектаклі задзейнічаны: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Нікалаева-Апіёк, Ала Ельяшэвіч, Марына Гардзіёнак, Крысціна Дробыш, Аляксандр Паўлаў, Яўгенія Кульбачная, Вікторыя Чаўлытка.

Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў. Трансляцыя будзе даступна выключна ў прамым эфіры – з любой прылады, і ў сетцы любога аператара пасля аўтарызацыі ў мабільным прыкладанні VOKA, ці на сайце voka.tv па нумары тэлефона.

Сачыце за самымі цікавымі падзеямі юбілейнага сезона разам з VOKA!


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!