У Слоніме адкрылі бюст Міхалу Казіміру Агінскаму

Помнік дзеячу Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Міхалу Казіміру Агінскаму ўсталявалі каля драматычнага тэатра ў Слоніме. Яго ўрачыста адкрылі 6 лістапада, перадае Радыё Свабода.
Пра маладыя гады Міхала Казіміра захавалася мала звестак, ён вывучаў музыку і жывапіс, меў здольнасці да мастацтва. Пачаў ваенную кар’еру, а ў 18-гадовым узросце быў дэпутатам сейма. Падарожнічаў па Еўропе. 

У 1768 Міхал Казімір Агінскі стаў вялікім гетманам літоўскім, а праз тры гады далучыўся да Барскай канфедэрацыі. У ноч на 12 верасня 1771 2,5-тысячны атрад гетмана ў баі пры Сталовічах разбіты 1-тысячным атрадам Аляксандра Суворава. Пасля гэтага Агінскі эміграваў за мяжу, а ўсе яго маёнткі, што знаходзіліся ва Усходняй Беларусі, ужо далучанай (1772) да Расіі, былі канфіскаваныя. У 1775 ён атрымаў амністыю і вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі пабудаваны Агінскі канал. Праз палескія балоты яго намаганнямі былі адноўленыя колішнія гасцінцы, якія злучалі Пінск са Слонімам і Валынню. У хуткім часе Слонім ператварыўся ў «паўночныя Афіны».

Пры сваім двары Агінскі заснаваў оперны тэатр, музычную капэлу, адкрыў школу — «Дэпартамент балетных дзяцей», дзе акрамя танцаў вучылі чытанню і пісьму дзяцей прыгонных. Для тэатра напісаў оперы «Зменены філосаф», «Елісейскія палі» і інш. Пісаў таксама скрыпічныя п’есы, паланезы і іншыя музычныя творы, выдатна выконваючы іх на розных інструментах. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!