У Слоніме ўсё ж з'явіцца помнік Льву Сапегу

Слонімскі райвыканкам аб’явіў конкурс эскізных праектаў помніка былому старосту Слоніма, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу (1557-1633).

Помнік плануецца паставіць напачатку верасня 2019 года падчас рэспубліканскага свята Дня беларускага пісьменства.

Помнік Льву Сапегу ў Слоніме плануюць паставіць ужо шмат гадоў, але ён так і не з’явіўся. Грошы на помнік свайму земляку слонімцы збіралі з 2008 года. Аднак у 2013 годзе ў Слонімскім райвыканкаме заявілі, што іх сабралі так мала, што не стае нават на макет.

Спачатку помнік абяцаў зрабіць народны мастак Беларусі, ганаровы грамадзянін Слоніма Іван Міско. Але мастак і райвыканкам за шмат гадоў так і не дамовіліся ажыццявіць добрую справу. Іван Міско ўжо зрабіў эскіз будучага помніка, яго планавалі ўстанавіць у цэнтры Слоніма на Першамайскай вуліцы ў скверыку, але да канкрэтнай справы рукі так і не дайшлі.

Цяпер Слонімскі райвыканкам па-сур’ёзнаму аб’явіў конкурс эскізных праектаў помніка Льву Сапегу і ёсць надзея, што ён усё ж з’явіцца ў Слоніме ў наступным годзе. Вырашана, што помнік Льву Сапегу паставяць не ў цэнтры Слоніма, а ў парку горада над Шчарай.

Леў Іванавіч Сапега — адзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай XVI — XVII ст. Пасаду канцлера ВКЛ Сапега займаў на працягу 34 гадоў, таксама праславіўся як вайсковец і мецэнат.

Паводле Аксаны Шпак, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!