У спрэчцы пра дату заснавання «Тутэйшых» пастаўлена кропка

Адносна году заснавання Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» не было адзінства думкі, існавала дзве версіі: 1986 ці 1987 год. 

Цяпер вядомая дакладная дата, дзякуючы таму, што літаратуразнаўца і праваабаронца Алесь Бяляцкі адшукаў у сваім прыватным архіве старонку дзённіка з дакладнай датай заснавання Таварыства маладых літаратараў „Тутэйшыя”. Гэта — 20 снежня 1986 года.

Вось цытата з дзённіка Алеся Бяляцкага: “Пазаўчора, 20 снежня, адбылася цікавая падзея ў жыцці літаратурнага існавання ў Беларусі. Доўга я мэнчыўся ў “акварыюме”, чакаў, пакуль збяруцца ўсе літаратары, што вырашылі ісці ў літаратуры па новым шляху, праўдзівей, вырашыла і ўжо пайшло ў сваёй творчасці чалавекі тры з гэтай кагорты з 9 чалавек, што тады сабраліся ўрэшце. Доўга чакалі, пакуль скончыцца Сысова праца, і паехалі да яго на хату праводзіць першае пасяджэнне. Ён накарміў нас ліверкаю, напаіў гарбатаю, праявіў мэцэнацтва. Пакрычалі, як пісаць, наватары — павучылі, пакрытыкавалі. “Пане шляцюк” — цікавы чалавек, але звяглівы і “копія Ісуса” — гэтак жа ж прапаведуе, але падкладкі не мае, і таму троху пуставата атрымліваецца, урэшце ўсё разумнае аказвае ўздзеянне і на мяне. Гэтак вось і Ісусавы пропаведзі наконт літаратуры аказалі нейкае ўздзеянне на мяне. Хаця далёка не зусім я згодны, у яго больш уласнага кшталту ў літаратуры, чым даследаванне заканамернасцяў. Пачыталі вершы, у асноўным — слабыя, палова ўмее, праўда, рыфмаваць радкі, другая палова — не. Але вырашылі цвёрда аформіцца назвацца “Тутэйшымі”, узяць арыентацыю на 20-я гады па смеласці пошукаў — і — наперад. Пастараемся нарабіць паболі шуму. Вельмі добра што з намі і адзін гені — Сыс. Ад яго шмат залежыць. Людзі цягнуцца да яго, але ён можа іх і распужаць. Як не больна для старых, але бязмэтнасць іхняга жыцця трэба высвятліць хоць бы на нашым узроўні”.

 

На фота: старонка з дзённіка Алеся Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі згадвае:

— Першы сход “Тутэйшых” адбыўся 20 снежня 1986 года ў пакоі інтэрната Анатоля Сыса на вуліцы Авангарднай. Гэта была нашая з Анатолем ідэя — стварыць моладзевую суполку літаратараў, незалежную ад афіцыйных структураў, накшталт “Талакі”. Сабраць у ёй маладых пісьменнікаў, якія жадалі б пісаць праўдзіва, па-за канонамі сацыялістычнага рэалізму, не баючыся цэнзуры ды ідэалагічных абмежаванняў, усталяваных камуністычнай уладай. Адной з мэтаў была паказаць іншы шлях для творчага развіцця маладых творцаў без прыстасавальніцтва і калабарацыі з існуючым рэжымам.

Запіс быў зроблены мной прыватна, для сябе. Але аказаўся істотным для ўстанаўлення дакладнай даты першага паседжання маладых літаратараў, на якім утварыліся “Тутэйшыя”, таму падаю яго цалкам.  

“Акварыюм” — фае Дома літаратара з боку вуліцы Румянцава. На першым сходзе былі, з тых каго я памятаю, апроч нас дваіх, “Пане шляхцюк” — гэта тады студэнт журфаку Міхась Талочка, вядомы ўсім паэт, тады студэнт філфаку Славамір Адамовіч і менш вядомы бард Алесь Яжэвіч, студэнт інстытута замежных моў, які, памятаю, спяваў пад гітару матныя песні па-беларуску.  

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: