У Шчучыне аднавілі друкарскі варштат часоў Францыска Скарыны

Чатыры прадпрыемствы Шчучыншчыны, два прыватных прадпрымальнікі і апантанасць святара Сергія Сямашкі спатрэбіліся, каб за два месяцы здзейсніць ідэю стварэння друкарскага варштату часоў Гутэнберга і Скарыны.


Яе ўвасабленне заняло 13 дзён. Сам жа працэс друку, водціску аркуша, з усёй падрыхтоўкай, з нанясеннем фарбы на матрыцу патрабуе 7 хвілін.

Францыск Скарына за час сваёй дзейнасці надрукаваў каля 2700 лістоў. Па зробленых святаром Сергіем Сямашкаю падліках, толькі на працэс друкавання павінна было пайсці поўных 13 дзён. Але гэта без уліку часу на падрыхтоўку найгалоўнага элемента варштата, яго сэрца, дзякуючы якому тэкст з’явіцца на паперы — наборнай матрыцы.

“Нам, каб падрыхтаваць такую матрыцу, спатрэбілася 4 дні. Гэта ў часы Скарыны займала не менш часу… Дададзім да кожнага ліста дадзеныя 4 дні. Мы атрымліваем не шмат і не мала: каб друкаваць Біблію нашым метадам, нам спатрэбілася б 29 гадоў і 71 дзень жыцця без сну, без ежы, без мыцця”, — распавёў Сергій Сямашка, клірык Свята-Міхайлаўскай царквы Шчучына.

А яшчэ да гэтага часу неабходна дадаць тэрмін на падрыхтоўку перакладу Бібліі. Напрыклад, у Марціна Лютэра на гэта пайшло 17-18 гадоў.

На падставе праведзенай працы святар Сергій Сямашка прыйшоў да наступнай высновы: “Францыск Скарына ніколі не працаваў адзін. З ім працавала вялікая кагорта людзей, якія яму дапамагалі. У выніку гэта было вельмі хутка, даволі сучасна, амбіцыёзна. Гэта было таленавіта, гэта было якасна”. Цяжкая жыццёвая праца, якая патрабавала тытанічных намаганняў, “не гаворачы пра журботу сям’і, пра спальванне кніг у Масковіі, пра ганенні ў Кракаве”.

Святар адзначае, што Царква гатовая ствараць нават варштаты, перадаваць іх сістэме адукацыі, абы толькі “захаваць у дзетках любоў да кнігі, любоў да слова. Бо ў наш век алічбаваных пачуццяў, аблічбаванага друку і адносін, людзі губляюць смак да слова, яны не ведаюць яго вартасці”.

Сярод тых, хто бескарысна дапамог у рэалізацыі праекту — Шчучынскі лясгас. На варштат пайшло цэлых сем ствалоў, паколькі для яго патрэбная найбольш каштоўная часцінка дзелавой працоўнай драўніны. Падтрымку аказаў Шчучынскі рамонтны завод, на якім быў створаны арыгінальны дызайн і запушчана канструкцыя рэдуктара прэса. Падтрымалі ідэю і супрацоўнікі ПМК-167 горада, і Вялікага Мажэйкаўскага дрэваапрацоўчага абозакалёснага цэха. У дадатак яшчэ спатрэбілася праца столяра-чырвонадрэўшчыка і камп’ютарнага станка для вырабу матрыцы.

Сергій Сямашка падкрэсліў таксама наяўнасць “адэкватных” людзей у кіраўніцтве сістэмы адукацыі Шчучынскага раёна: “Каб іх не было, то я б не рашыўся на працу, таму што першапачаткова прыйшлося проста ўкладваць свае грошы. Я не ведаў: вернуцца яны ці не, я не ведаў, ці зразумее мяне сям’я. Ну штосьці вярнуў аддзел адукацыі, штосьці Царква, астатняе прыйшлося проста з кішэні закладваць”.

Па самых сціплых падліках, на выраб друкарскага варштату часоў Скарыны спатрэбілася каля 1000 беларускіх рублёў і фактычна праца ўсяго горада Шчучына.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!