У Шчучыне паставяць помнік прэзідэнту Францыі

У Шчучыне паставяць помнік першаму прэзідэнту Пятай Французскай Рэспублікі Шарлю дэ Голю, піша Sputnik. Бронзавую скульптуру плануюць устанавіць побач з месцам, дзе ў гады Першай сусветнай адбываў зняволенне ў нямецкім палоне вядомы палітык: поруч сучаснага завода "Аўтапровад" побач з корпусам, у якім у ваенны час немцы наладзілі казармы для палонных французаў.
Шарль дэ Голь быў вязнем нямецкага лагера для ваеннапалонных у Шчучыне ў гады Першай сусветнай вайны - з ліпеня па верасень 1916 года. Казармы, у якіх жылі французскія палонныя, знаходзіліся ў галоўным корпусе былой лесапільні князёў Друцкіх-Любецкіх. Зараз тут знаходзяцца вытворчыя памяшканні завода "Аўтапровад".

Ідэя ўсталяваць памятную дошку або помнік ўзнікла некалькі гадоў таму, калі з'явіліся дакладныя доказы, што месцам зняволення вядомага палітыка быў менавіта горад Шчучын Гродзенскай вобласці.

У будучай скульптурнай кампазіцыі вядомы французскі палітык будзе паказаны маладым капітанам 33-га палка, які стаіць, скрыжаваўшы рукі на грудзях. Званне капітана ён насіў, калі апынуўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных у Шчучыне.

Вышыня скульптуры складзе каля 2,5 метра. Фонам паслужыць паўкруглая сцяна, якая стане сімвалам шляху ад простага палоннага да лідэра французскага супраціву і палітычнага дзеяча. Па абодва бакі ад скульптуры ўсталююць дзве стэлы. На адной будуць апісаны падзеі, якім прысвечаны мемарыял, на другой - сімвалы прэзідэнта Французскай Рэспублікі.

У бліжэйшы час будуць ісці падрыхтоўчыя працы па вырабе скульптуры, мяркуецца, што яна будзе адлітая з бронзы. Спонсарам стане француз, у якога ёсць бізнес у Беларусі.

Калі будзе адкрыты помнік, у шчучынскім райвыканкаме пакуль не гавораць. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца вясной ці летам наступнага года і будзе прымеркавана да памятнай даты з біяграфіі палітыка. Ёсць планы запрасіць на цырымонію адкрыцця ўнука Шарля дэ Голя.

the-village.me

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: