У Варшаве адкрылася фотавыстава пад адкрытым небам «Беларусь. Шлях да свабоды»

У Міжнародны дзень правоў чалавека, 10 снежня, у гістарычным цэнтры Варшавы адкрылася фотавыстава пад адкрытым небам «Беларусь. Шлях да свабоды». Выставу адкрываў мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі.


Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі сказаў, што Міжнародны дзень правоў чалавека — гэта добры момант, каб казаць пра правы чалавека і каб паказаць праўдзівую Беларусь, дзе доўгі час працягваюцца пратэсты супраць сфальсіфікаваных выбараў. Ён нагадаў, што дэманстрацыі, якія зараз праходзяць на Беларусі — найвялікшыя, якія адбываюцца з 1991 года. Паводле незалежных падлікаў Святлана Ціханоўская атрымала перамогу з вялікай перавагай, але, як адзначыў Тшаскоўскі, Лукашэнка сфальсіфікаваў вынікі і не жадае аддаваць уладу. Дэманстрацыі супраць фальсіфікацый жорстка разганяюцца, людзей кідаюць у турмы. І менавіта таму, як жэст салідарнасці з Беларуссю і яе народам, у Варшаве і іншых польскіх гарадах праходзяць фотавыставы — 30 фотаздымкаў, якія дакументуюць апошнія месяцы барацьбы беларускага грамадства за свабоду і дэмакратыю. Палякі добра ведаюць, што такое салідарнасць і таму яе дэманструюць на вуліцах польскіх гарадоў.



Чалец Прэзідыума Каардынацыйнай рады Беларусі Павел Латушка, выступіўшы на добрай польскай мове, адзначыў, што Беларусь змагаецца, Беларусь марыць, Беларусь верыць. Верыць у тое, што наступіць Дзень Свабоды, дзень, аб якім марыць большасць беларусаў, якія і сёння не перастаюць змагацца за сваю свабоду. Для беларускага народа гэта вельмі цяжкі перыяд барацьбы, цяжкі перыяд супрацьстаяння рэжыму, каторы, на жаль, яшчэ трымае ўладу на тэрыторыі нашага краю. Але ў гэты цяжкі час беларусы адчуваюць, што маюць падтрымку і найперш — паміж сабою. Такая унутраная салідарнасць упершыню адбываецца ў апошні перыяд нашай гісторыі. І гэта надае веры у тое, што мы пераможам. Але для Беларусі вельмі важна таксама і салідарнасць міжнародная. І Павел Латушка падзякаваў за такую салідарнасць, якая падтрымлівае нас, і падтрымлівае ў тым ліку ў веры ў тое, што мы пераможам. Дадзеная выстава, па словах Латушкі — жаданне паказаць свету, як сёння выглядае Беларусь і што адбываецца на беларускай зямлі.

 

Старшыня праўлення фонду «Беларускі дом ў Варшаве» Алесь Зарэмбюк падзякаваў за мажлівасць паказаць палякам, вачыма беларускіх фатографаў з тэлеканала «БелСат» і газеты «Наша Ніва», нашу барацьбу за Свабоду і Незалежнасць. Ён заўважыў, што на фатаграфіях, што экспануюцца на выставе, можна ўбачыць дзве часткі беларускага грамадства. Першая — гэта мірныя беларусы, якія усміхаюцца і якія змагаюцца за нашу дэмакратыю і незалежнасць. Другая — купка чорных карнікаў, якія б’юць жанчын, якія забіваюць людзей і якія робяць усё, каб свабода да нас прыйшла як мага пазней. Зарэмбюк верыць, што мы пераможам і тут прыклад польскай салідарнасці для нас вельмі важны. Польская барацьба працягвалася не некалькі месяцаў, яны доўжылася гады, але завяршылася перамогай. На выставе, як сказаў Алесь Зарэмбюк, можна ўбачыць нашу, беларускую дарогу да свабоды і ён перакананы, што мы пераможам. Зарэмбюк падзякаваў усім палякам, якія падтрымліваюць беларусаў на працягу ўсіх гэтых месяцаў барацьбы і завяршыў сваю прамову клічам «Жыве Беларусь!», а таксама лозунгам падтрымкі: «Мінск-Варшава — агульная справа!».

  

Выстава працягнецца да 31 снежня. Месца правядзення: сквер імя ксяндза Яна Твардоўскага, вул. Кракаўскае Прадмесце. Арганізатары: горад Варшава, Дом Сустрэч з Гісторыяй, фундацыя «Беларускі Дому Варшаве». Таксама выстава пройдзе ў іншых гарадах Польшчы. На фотавыставе пад адкрытым небам прадстаўлены трыццаць фотаздымкаў, якія фіксуюць апошнія месяцы барацьбы беларускага грамадства за свабодныя выбары, дэмакратыю і незалежную дзяржаву. Фатографы: Ірына Арахоўская, Надзея Бужан, Таццяна Капітонава і Аляксандр Васюковіч, у супрацы з незалежным тэлебачаннем «Белсат» і газетай «Наша Ніва».



Куратар выставы і кіраўнік Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк пра выставу сказаў: «На выставе мы ўбачым толькі фрагмент дэманстрацый, якія працягваюцца ўжо чатыры месяца, і звязаныя з імі рэпрэсій, уключаючы шматлікія затрыманні, колькасць ахвяр якіх перавышае 30 000 чалавек. Польшчу і Беларусь звязвае не толькі агульная мяжа, але і агульная гісторыя, героі, беларуская меншасць і дыяспара, якія жывуць у многіх гарадах Польшчы, і польская нацыянальная меншасць у Беларусі. Палякі шмат гадоў падтрымліваюць нашу барацьбу за свабоду і незалежнасць. Таму так важна паказаць два вельмі розныя бакі беларускага грамадства — мірных дэманстрантаў, якія жадаюць свабоды і дэмакратыі, і АМАП, якія б'юць, катуюць і забіваюць».



Выставу можна будзе паглядзець анлайн на сайце www.dsh.waw.pl





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: