У Варшаве распачаўся Сёмы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі (фота)

У Варшаве распачаў сваю працу Сёмы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Вялікая акадэмічная падзея перамясцілася з літоўскага Каўнаса ў сталіцу Польшчы Варшаву. Арганізатары спадзяюцца, што гэта месца правядзення Кангрэсу надасць яму новую дынаміку.

Асноўным акадэмічным партнёрам сёлета выступіў варшаўскі ўніверсітэт Collegium Civitas. Таксама ў арганізацыі кангрэса ўзялі ўдзел кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, Інстытут славістыкі Акадэміі навук Польшчы, шэраг НДА, у прыватнасці, Усходнееўрапейскі дэмакратычны цэнтр.

Арганізатары прызналіся, што сёлета на правядзенне кангрэсу было вельмі складана атрымаць падтрымку. Але падкрэслілі, што інтэлектуальны патэнцыял кангрэсу — яго галоўная каштоўнасць. Кангрэс адбываецца ўжо ў сёмы раз, найперш дзякуючы ўпартасці і апантанасці яго арганізатараў.

Кангрэс даследчыкаў Беларусі — маштабнае акадэмічнае мерапрыемства. Сёлета чакаецца, што ў ім возьмуць удзел каля 600 даследчыкаў у розных сферах — ад паліталогіі да лінгвістыкі.

Арганізатары вырашылі сёлета вылучыць пэўную тэматыку — камуністычная рэвалюцыя 1917 года (сёлета спаўняецца сто гадоў гэтай падзеі), а таксама 500-годдзе выдання Бібліі Скарыны.

Варта адзначыць, што сёлета, як і ў мінулым годзе, значная ўвага надаецца пытанням бяспекі ў рэгіёне, інфармацыйнай бяспецы і прапагандзе — актуальным выклікам нашага часу.

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі заснаваны ў 2010 годзе прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці. Кангрэс мае на мэце аб’ядноўваць даследчыкаў Беларусі ў розных сферах, спрыяць абмену думкамі ды асэнсаванню працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі і вакол яе.


 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!