У Верхнім горадзе распачаліся «Джазавыя вечары 2017» (фотарэпартаж)

Джазавыя вечары вяртаюцца на мінскую плошчу Свабоды.  У суботу, 10 чэрвеня, першы такі канцэрт адкрыла сямігадовая Сафія Курловіч з Салігорску.

Нягледзячы на свой узрост, джазавая піяністка і вакалістка ўжо мае салідны спіс дасягненняў. Сярод яе ўзнагарод Гран-пры конкурсу «Джаз-момант 2016» і перамога ў рэспубліканскім конкурсе «Талент краіны» (2016). Сафія выступала ў канцэртах Ігара Бутмана і Дзяніса Мацуева. Таленавітая дзяўчынка адыграла 2 кампазіцыі і публіка падтрымала яе вялікімі авацыямі.

Працягнуў канцэрт амерыкана-галандскі спявак і мультыінструменталіст Харысан Янг. Музыка выканаў шэраг джаз-кавераў на сусветнавядомыя кампазіцыі. Далей на сцэну падняліся этна-джазавы дуэт Agata і VIP-jazz Андрэя Славінскага.

Завяршыў праграму першага вечара амерыканец Скот Хэндэрсан. Ён прызнаны найлепшым джазавым гітарыстам па версіях часопісаў Guitar World і Guitar Player. Джазмен выйшаў на сцэну ў суправаджэнні французскіх музыкаў Арчыбальда Лаганьера (бас) і Рамана Лабае (бубны).


Джаз будзе гучаць ля Ратушы яшчэ дзве наступныя суботы.  Мінчан чакаюць сустрэчы з чілійскім бас-гітарыстам Крысціянам Галвезам і яго музыкамі, Клівам Джонсам (ЗША), Набілем Хемірам (Туніс), а таксама канцэртным аркестрам Барыса Мягкова, «Трыа Канстанціна Гарачага», гуртоў Minsk Voices і Premier Orchestra.

Працягнулася і «Пешаходка». Паралельна з джазам на сцэне Карэтнага дворыку граў калектыў Андрэя Сянькевіча. А на Музычным завулку праводзіўся традыцыйны танцавальны джэм.  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: