У Вільні выйшла кніга беларускай паэткі: грошы сабралі праз фэйсбук за 38 хвілін

У Вільні ў выдавецтве Versus выйшла кніга Сабіны Брыло «Малітоўнік прадзеда», паведамляе Радыё Свабода. Аздабленне зрабіў мастак Пятрас Лінцявічус.
Сабіна Брыло

Сабіна Брыло

Па-літоўску вершы паэткі з Мінску перастварыў Гінтарас Граяўскас, а грошы на выданне 400 асобнікаў сабралі праз фэйсбук за 38 хвілін. Выданне «Малітоўніка прадзеда» ў падобны спосаб было ў Літве ўпершыню для кнігі замежнага малавядомага аўтара.

«Гэта цуд. Цуд дэцэнтралізацыі, даверу, цікавасьці. Краўдфандынг без аніякай пляцоўкі, гарызантальны і наўпроставы», — кажа Сабіна.

А ініцыятар выдання літоўскі паэт, драматург і перакладчык Гінтарас Граяўскас напісаў у прадмове да «Малітоўніка прадзеда»:

«Выдаць кнігу вершаў у Літве нялёгка... Калі аўтар вершаў знакаміты ў Еўропе, лаўрэат прэмій — шанцаў болей. А калі іх аўтар — амаль невядомы паэт з Беларусі? Шанцаў практычна няма. Я ведаю, я спрабаваў.

Але што, калі паэт піша вельмі добра?..

І раптам падчас аднаго моцна адчайнага настрою ў адзін са студзеньскіх вечароў я пішу ў фэйсбук, не чакаючы надта многа: людзі, глядзіце! Я пераклаў тэксты харошае паэткі Сабіны Брыло — некаторымі з іх я ўжо дзяліўся, можа быць, вы памятаеце. Я хацеў бы зрабіць харошую кнігу. І, можа быць, хто-небудзь хацеў бы і мог зрабіць свой уклад у яе выданне?

І вось самая цікавая частка гісторыі.

Менш, чым праз гадзіну (!) у нас было шмат грошай, неабходных для выдання. Некаторым з апошніх жадаючых паўдзельнічаць нават казалі, што грошай больш не трэба, мы ім ветліва дзякавалі. Калі б мы не спыніліся, гэта, верагодна, выклікала б яшчэ адну кнігу».

Ад ідэі да выхаду кнігі прайшло два месяцы. З 11 сакавіка «Малітоўнік прадзеда» будзе прадавацца ў кнігарнях Літвы і праз інтэрнэт. Аўтарку запрасілі на сустрэчы з чытачамі. Адна пройдзе 25 сакавіка ў Вільні ў кнігарні Mint Vinetu, а другая 26 сакавіка ў адной з бібліятэк Клайпеды.

Сабіна Брыло нарадзілася ў Барысаве. Скончыла Еўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Працавала ў розных СМІ карэспандэнткай і рэдактаркай, пісала публіцыстычныя калонкі ў некалькіх медыях; суаўтарка дапаможніка па бяспецы для беларускіх журналістаў. Адна з сябраў калегіі літаратурнага клубу «Графо». Вершы друкаваліся ў перыядычных выданнях, на інтэрнэт-рэсурсах. Мае паэтычную кнігу «Это буквы».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!