У Мінску адчынілася выстава мастака, які дваццаць год туляецца без жытла

У арт-кафэ Нацыянальнага мастацкага музея адчынілася выстава Валера Ляшкевіча, гомельскага мастака, які ўжо 20 год не мае ўласнага жытла.



Беларускі мастак-маргінал стаў легендарным дзякуючы сваім дзівосным працам. Яго шматлікія работы знаходзяцца ў калекцыянераў па ўсёй Еўропе.
 
 
Дзіўная сітуацыя: мастаком зацікаўленыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, ягоныя працы карыстаюцца папулярнасцю ў забяспечаных людзей, а сам мастак ночыць на вакзалах і спіць на лавах. Чаму так складаецца?
 
 
Справа ў тым, што Валер Ляшкевіч — не проста бесхацінец, ён прынцыповы бесхацінец. Жыллё яму некалькі разоў прапаноўвалі і мясцовыя ўлады, і звычайныя аматары ягонай творчасці, якія збіралі грошы на аплату пакоя, але Валер заўсёды сыходзіў.
 
 
Сябры і знаёмыя клікалі хоць зімой ночыць у іх, але мастак адмаўляўся, бо, нібыта, стары і можа камусьці перашкаджаць. Не хоча ён быць залежным ад іншых, душа яго калі і прагне чаго, дык уласнага куточка, на які ён зарабіў бы сам, у якім галоўнае, каб змяшчалася яго майстэрня. А пакуль гэтага няма, мастак абірае вуліцу. Так ён і бадзяецца ўжо 20 год, яго дом – вакзал, двары ды закуткі. Але ён не бадзяка ў звычайным разуменні, ён ніколі не прымае проста так прадукты ці грошы, ён не п’е, а на апошнія грошы штотыдзень, а тое і часцей, наведвае лазню.
 
 
Валер дзіўны чалавек, часам падаецца, што ён разважае выключна ўзвышанымі маральнымі катэгорыямі. Зусім маленькага росту, з барадой ды вусам, сівы сталы чалавек, які адчувае сябе хлопчыкам.
 
 
І вось гэты задор бачны ў гэтым целе, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, яно захавала нейкую юнацкую сілу. Рухаецца ён лёгка, вочы яго гараць, ды не проста гараць, а ўсміхаюцца. Нават шматлікія маршчынкі на твары застылі ў пермаментнай ўсмешцы.
 
 
Адкрыццё выставы пачалося з прэзентацыі дакументальнага фільма «Перакрыжаванне», які распавядае пра жыццё мастака.
 
 
Рэжысёр фільма - Анастасія Мірашнічэнка, яна амаль год правяла з мастаком, здымаючы фільм у Беларусі і Піцеры. Дарэчы, пры яе дапамозе таксама ладзіцца выстава мастака.
 
 
У фільме ў храналагічным парадку змяняюцца паравіны году, паказваючы асаблівасці жыцця мастака ў кожнай з іх. За кадрам голас самаго Валера. Ён распавядае пра свой лёс.
 
 
Нарадзіўся ў пасёлку Чкалава Гомельскай вобласці. Бацька памёр, калі Валера вучыўся ў першым класе. Калі быў студэнтам – памерла маці. Незадоўга да смерці яна пакінула сястры грошы на вучобу сына: «Дапамажы Валеру вывучыцца на мастака».
 
 
Вучыўся ў мастацкіх вучэльнях Яраслаўля і Бранска, потым былі курсы скульптуры і архітэктуры пры Дзяржаўнай акадэміі жывапісу ў Піцеры.
 
«Калі ў 1996 годзе вярнуўся ў роднае Чкалава, брат не пусціў на парог, сказаў, што дом належыць ягоным дзецям» - распавядае мастак. З таго часу мастак бяздомны.
 
 
«Думаеце, гэта лёгка спаць на вуліцы? – пытае Валер. - Ты заўсёды жывеш са страхам, што з табой нешта зробяць. Было так, што мяне два разы абасц..лі, адзін раз выпадкова, а другі проста каб паздзеквацца».
 
 
Вакзал, людзі з клункамі ды торбамі кудысьці спяшаюцца, бягуць, шчаслівыя каштуюць марозіва ды іншыя прысмакі, толькі Валеру спяшацца няма куды.
 
 
На гомельскім вакзале ў камеры захоўвання мастак трымае свае рэчы і карціны.
 
 
Сціплы сняданак: гарбата ды хлеб з маянэзам. На Вялікдзень дазваляе сабе невялічкі велікодны пірог. Малюе мастак ў вакзальным закутку. Яго там усе ведаюць, таму нават часам бясплатна прапускаюць у прыбіральню, але Валер заўсёды імкнецца яе аплочваць.
 
 
Свае працы Валер прадае зусім танна, ад 20 да 100 тысяч, кожны сам абірае, колькі плаціць за творчасць.
 
 
Калі нехта хоча набыць яго карціну, мастак нагадвае людзям, каб яны падумалі, ці сапраўды яна ім трэба. Продаж ягоных прац на вуліцы ператвараецца ў дыялог і развагі пра мастацтва і яго каштоўнасці.
 
 
«Людзі рухаюцца, а я застаюся заўсёды на месцы – дзеліцца мастак. - Вельмі сумна быць ізгоем, калі ў цябе няма ні сяброў, ні сваякоў. Ніхто не дапаможа, а самае галоўнае, ніхто не падзеліць з табой моманты радасці».
 
 
Марыць мастак хіба пра маленькі куточак, але ўласны, бо «калі здохну, дык на Радзіме. Тут мяне і пахаваюць».
 
 
Пасля прэзентацыі фільма з’яўляюцца ахвочыя дапамагчы мастаку. Таму, магчыма, мары Валера Ляшкевіча здзейсняцца.
 
 
Выстава Валера Ляшкевіча працягнецца да 27 студзеня.
 
 
На ёй прадстаўлена 25 ягоных прац. Акрамя гэтага ў Нацыянальным мастацкім музеі можна набыць рэпрадукцыі прац аўтара.
 
 
Усе грошы за іх пойдуць непасрэдна на дапамогу мастаку.
 
 
Вольга Гарапучык, nn.by
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: