У Мінску адкрыўся XXII Міжнародны кінафестываль "Лістапад"

Сёлетні кінафорум прысвечаны памяці гісторыка кіно, кінакрытыка і аднаго з найстарэйшых членаў каманды кінафестывалю Алы Бабковай, якая пайшла з жыцця 15 кастрычніка гэтага года.



Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Качанава зачытала прывітанне Аляксандра Лукашэнкі. У сваім звароце да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяперашні кінафорум "асаблівы, паколькі праходзіць у год 120-годдзя кінамастацтва". "Гэта адзін з самых маладых відаў мастацтва, але ён ужо заваяваў сэрцы мільёнаў людзей", — напісаў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што дзяржава прыкладае ўсе неабходныя намаганні для "развіцця і папулярызацыі беларускага кінамастацтва". Афіцыйны лідар выказаў надзею, што цяперашні "Лістапад" дапаможа наладзіць "творчы дыялог з прадстаўнікамі розных народаў", будзе спрыяць "прасоўванню гуманістычных і маральных ідэалаў, культурнаму супрацоўніцтву".
 

Традыцыйную цырымонію біцця талеркі на сцэне кінатэатра правёў дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Ігар Поршнеў. Звычайна за гэты рытуал адказвае народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі, аднак з-за хваробы ён не змог прыйсці на цырымонію. "Вялікі гонар адкрываць гэты фестываль, — заявіў Поршнеў. — Спадзяюся, што адроджаная кінастудыя будзе разбіваць цэлы сервіз штогод".
 
 
У якасці спецыяльнага госця на ўрачыстую цырымонію прыбыла французская актрыса і рэжысёр Фані Ардан.
 
 
У фае кінатэатра адбыўся модны паказ. Ва ўборах дызайнера Мікалая Марозава па подыуме прадэфіліравалі артысты беларускага кіно і эстрады, мадэлі школы Fashion Style, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, агенцтва Imodels.
 
 
Фільмам адкрыцця галоўнага кінафоруму Беларусі стала французска-бельгійская кінакарціна "Даліна Кахання" Гіёма Ніклу, ролю ў якой выканаў Жэрар Дэпардзьё. Закрые фестываль таксама французска-бельгійская кінастужка — "Найноўшы запавет" Жако ван Дармеля. Фільмы адкрыцця і закрыцця ў конкурсах не ўдзельнічаюць.
 
 
Усяго на кінафестывалі будзе прадстаўлена 184 карціны з 60 краін, у тым ліку 91 ігравы фільм, 70 дакументальных і 23 анімацыйныя стужкі. Паказы пройдуць у пяці кінатэатрах сталіцы — "Маскве", "Міры", "Перамозе", "Цэнтральным" і "Піянеры".
 
 
Сёлета ніводная беларуская кінастужка не прэтэндуе на галоўную ўзнагароду фестывалю — "Золата "Лістапада", якая ўручаецца фільму — удзельніку асноўнага конкурсу ігравога кіно па рашэнні міжнароднай калегіі журы.
 
 
Аднак у нацыянальным конкурсе прадстаўлена малабюджэтная трагікамедыя "ГараШ", знятая групай незалежных беларускіх кінематаграфістаў на чале з рэжысёрам і сцэнарыстам Андрэем Курэйчыкам.
 
 
XXII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" праходзіць 6 – 13 лістапада пад слоганам "Задавальненне для вачэй". Форум заснаваны Міністэрствам культуры і Мінгарвыканкамам пры садзейнічанні Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі "Беларусьфільм" і Беларускага саюза кінематаграфістаў. Арганізатарам фестывалю выступае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".
 
Захар Шчарбакоў, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: