У Мінску адбылася экскурсія-вандроўка да самых старых дрэў сталіцы (фота)

Удзельнікі экскурсіі прайшлі 12 кіламетраў і наведалі самыя прыгожыя і старыя дрэвы сталіцы.



Экскурсію арганізавала кампанія "Гарадскі ляснічы" таварыства “Зялёная сетка”.

"Я не прафесійны экскурсавод, тым больш не гісторык, таму магу на год-два, а то і пяць памыліцца з датамі падзей, якія адбываліся ля дрэў, якія я хачу вам паказаць. Але вельмі хачу падзяліцца з вамі ведамі пра самыя старыя дрэвы Мінска", — павітаўся з удзельнікамі пешай прагулкі Ігар Корзун, каардынатар кампаніі ў абарону зялёных насаджэнняў у Мінску "Гарадскі ляснічы".

Да ўдзелу ў экскурсіі сабраліся каля трох дзесяткаў чалавек, у тым ліку журналісты і проста зацікаўленыя гараджане.

Вандроўка пешшу пачалася на вуліцы Беларускай, ля 100-гадовага дуба-волата. Менавіта там у 40-х гадах мінулага стагоддзя знайшлі цела забітага Саламона Міхаэлса —  драматурга, рэжысёра і арганізатара яўрэйскага антыфашысцкага руху. Лічыцца, што дуб на вуліцы Беларускай —  нашчадак легендарнага дуба-волата, які разам з каменем Дзедам некалі рос ля берага Свіслачы.  Цяпер камень знаходзіцца ў музеі валуноў, але да яго дагэтуль ходзяць людзі - папрасіць аб здароўі, выкананні жаданняў. Ходзяць людзі  і да дуба на вуліцы Беларускай - пакідаюць там цукеркі, камяні.

Экскурсавод Ігар Корзун заўважае, што існуе своеасаблівы рытуал —  дастаткова дакрануцца да дрэва, каб яно утаймавала ўнутраную энергію чалавека, і чалавек становіцца лагодным, спакойным і ўраўнаважаным.

Далей экскурсія працягнулася праз парк, дзе цяпер знаходзіцца гасцініца “Пекін”, а раней -- першы беларускі іпадром.

Удзельнікі завіталі таксама ў Аляксандраўскі сквер —  Панікоўку. Тут Ігар Корзун паказаў самыя прыгожыя дрэвы Мінска — клёны, ім налічваецца больш за 100 гадоў, і іх ніводнага разу не абрэзвалі супрацоўнікі "Зелянбуда".

"А вось зараз я звярну ўвагу жанчын на вось гэтае роўнае, доўгае і абсалютна прамое дрэва —  гэта ясень-Апалон.  Мужчын не запрашаю да яго, бо, зразумела, хто тут выйграе, калі пачаць параўноўваць", —  пажартаваў

экскурсавод.

Далей пешая прагулка накіравалася ў парк Горкага. На шляху да парка Ігар Корзун звярнуў увагу на двор жылых дамоў за Домам афіцэраў.

"Гэты дворык стаў вядомым нядаўна, калі пачалі будаваць гасцініцу за цыркам. Спачатку казалі, што гэта будзе Кэмпінскі, але высветлілася, што гэта ўсё падман. Дык вось, калі пачалі будаваць гасцініцу, спатрэбілася правесці ўсе камунікацыі, у гэты двор жылых дамоў загналі многа тэхнікі, але тэхніцы не было дзе развярнуцца, бо перашкаджалі дрэвы. Вырашана было іх спілаваць. І жанчыны! Жанчыны двара прагналі ўсю тэхніку, дзяжурылі па начах, каб дрэвы не спілавалі. І ў выніку - камунікацыі да гасцініцы пракапалі ўручную. Няхай выдаткавалі на гэта не дзень, а тыдзень, але дрэвы засталіся", - расказвае найноўшую гісторыю Ігар Корзун.

"Канечне, ім пайшлі насустрач, бо тут вядома якія дамы —  наменклатурныя!" —  падалося з натоўпу.

"Мо і наменклатурныя, але людзі дамагліся свайго —  дрэвы не спілавалі. Я хачу звярнуць увагу на тое, што людзі могуць самі нешта рабіць, калі ўзнікае пагроза вынішчэння дрэваў", —  заўважыў кіраўнік эксурсіі.

Далей маршрут прайшоў упарк Горкага, які быў закладзены на пачатку 1880 года.

"Наш парк старэйшы за парк у Нью-Йорку на 60 гадоў!" — горда адзначыў экскурсавод.

Тут удзельнікі пабачылі губернатарскую ліпу: дрэва мае больш за 200 гадоў гісторыі.

"Ёсць падставы лічыць, што менавіта гэтую ліпу пасадзіў губернатар Захар Карнееў. Ён знайшоў самае прыгожае дрэўца і пасадзіў яго акурат на прыгорку. Гэтае дрэва апісанае, вымеранае", —  кажа экскурсавод.

Таксама ўдзельнікі пешай прагулкі наведалі 130-гадовы клён на Менескавай гары.

Удзельнікі пешай прагулкі ў цэлым пераадолелі каля 12 кіламетраў.

euroradio.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!