Прэзентаваны фільм "Дачка Прыпяці" аб жыцці ў палескай вёсцы Пагост

Прэзентацыя дакументальнага фільма Ігара Бышнева "Дачка Прыпяці" пра жыццё людзей у палескай вёсцы Пагост (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці) адбылася 15 лютага ў сталічным кінатэатры "Цэнтральны". Дакументальная карціна, створаная РУП "Беларускі відэацэнтр" сумесна з дэпартаментам па кінематаграфіі Міністэрства культуры, доўжыцца 52 хвіліны.



Гэта кінааповесць, у якой раздзел за раздзелам апісваецца жыццё беларускага Палесся. Галоўная гераіня — 72-гадовая жыхарка Пагоста Кацярына Панчэня, заснавальніца фальклорна-этнічнага калектыву "Міжрэчча", дзякуючы якой захаваліся больш за сотню фальклорных песень і дзясятак абрадаў, пераважна дахрысціянскіх.

 

Як паведаміў БелаПАН рэжысёр Ігар Бышнеў, фільм распавядае пра беларусаў. "Там усё — гісторыя, культура, прырода і людскія лёсы. Калі гэта ўсё не супярэчыць адно аднаму, а знаходзіцца ў гармоніі — гэта шчасце, разумееш, што будучыня ў нашай краіны ёсць", — сказаў ён.



Здымкі фільма пачаліся восенню 2011 года і закончыліся вясной 2012-га. Аднак здымачная брыгада працягвала працаваць практычна да канца мінулага года, паведаміў рэжысёр, і з вялізарнай колькасці адзнятага матэрыялу нарадзіўся яшчэ адзін дакументальны фільм "Кола часу". Яго гледачы змогуць убачыць пазней.



Паводле слоў рэжысёра, "Дачка Прыпяці" — фестывальная карціна, яна гатова для паказу на кінафорумах як у Беларусі, гэтак і за яе межамі. Асобна стужка будзе прадэманстраваная беларускім вучоным, студэнтам.



Расповед сімвалічна пачынаецца раздзелам "Хлеб", у якім паказана, як бабуля Каця ўручную меле зерне, а потым рыхтуе рошчыну, тройчы малюючы на ёй хрысціянскі крыж. Раздзел "Свята" знаёміць з нацыянальнымі традыцыямі і абрадамі: гаданнем на ўраджай, калядаваннем. У частцы  "Мацярынства" гераіня расказвае трагічную гісторыю свайго жыцця: "Чаму я жыццём такая пакрыўджаная? Шэсць сыноў, адзін застаўся. Унукі і праўнукі — мая радасць".



Адзіны жывы сын Кацярыны Панчэні, Васіль, паказаны спрактыкаваным паляўнічым і рыбаловам, сціплым усмешлівым чалавекам з сумнымі вачамі. Менавіта яму прысвечаны раздзел "Сын". Кадры, дзе Васіль ходзіць на промысел, чаргуюцца з тымі, як маці каля акна вышывае яго кашулю і спявае песню пра тое, як сына дачакацца было не суджана. "Захавай яго, Госпадзі, ён у мяне адзін-адзіны", — просіць за кадрам гераіня.



У раздзеле "Душа" Кацярына Панчэня прыбірае магілы сваіх сыноў, прыгаворваючы: "Я гэтаму веру, сапраўды душы лечацца птушкамі". Яна ўпэўнена, што людскія душы не паміраюць.



Раздзел "Абрад" распавядае, як 6 мая ў Пагосце святкуюць Юр'я. Жанчыны пякуць высокі пірог з трыма каласкамі з цеста. З праваслаўнымі абразамі вяскоўцы ідуць на поле, спяваюць песні, водзяць карагод. Дзякуючы жыхарам гэтай вёскі абрад "Карагод на Юр'я" ў 2004 годзе атрымаў статус першай нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.



Завяршаецца карціна раздзелам "Вечнасць", дзе гераіня спявае тужлівую песню, а на экране архіўныя кадры працы вяскоўцаў змяняюцца фатаграфіямі з сямейнага альбома Панчэні.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: