У Мсціславе адшукалі самую старажытную ў Беларусі берасцяную грамату

У Мсціславе 16 ліпеня падчас раскопак была знойдзена самая старажытная ў Беларусі берасцяная грамата. Гэта трэцяя берасцяная грамата, знойдзеная ў Беларусі, і другая ў Мсціславе, паведаміў Крыніца.INFO археолаг, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк.



Фота — акаўнт Аляксея Бацюкова ў Facebook


«Мсціслаў  гэта ўнікальны беларускі горад, культурны слой якога па сваіх базавых характарыстыках не адрозніваецца ад культурнага слоя Вялікага Ноўгарада і Бярэсця. У ім захоўваецца дрэва, захоўваюцца рэшткі пабудоў. Гэта проста кландайк для археолага. І вось мы на ўзроўні драўлянай маставой першай паловы ХІІ ст. знайшлі, калі вобразна казаць, старонку сшытка маленькага мсціслаўскага шкаляра. Гэта падрапаныя літары і знакі на берасце, вельмі акуратна скручанай. Па сутнасці, сядзела дзіця і вучылася пісаць літары. І ў гэтым таксама ўнікальнасць, бо сведчанне шкалення дзіцяці  вельмі рэдкая рэч», — паведаміў археолаг.
 
 
Акрамя таго, падчас раскопак было знойдзенае з ружовага сланца праселка, што апраналася на верацяно. «Яно само па сабе нярэдкая рэч. Але дзяўчына, якой яна належыла, выразала на гэтым праселку чатыры літары кірылічнага алфавіту: Ѯ, А, І і Л. Так што, за адзін прысест два помнікі пісьменнасці знайшлі ўчора», — распавёў Ігар Марзалюк.
 
 
Апроч гэтага, у Мсціславе былі знойдзеныя ўнікальныя крыжы. «Знайшлі выдатны крыжык-карсунчык з грэцкім крыжам, які датуецца канцом Х ст. Знойдзены невялікі крыж энкалпіён-машчавік канца ХІІ-першай паловы ХІІІ стст. Прычым ён ва ўнікальным стане, зачынены, і, магчыма, там нават мошчы засталіся. На ім маюцца дзве выявы: з аднаго боку  Маці Божая Аранта, з другога  Хрыстос з прадстаячымі па баках», — дадаў археолаг.
 
 
Сярод знойдзенага таксама зброя, скураны абутак, скураны пояс дружынніка, вельмі шмат унікальных упрыгожванняў, у тым ліку распісаны золатам фрагмент шклянага бакалу з Канстантынопалю ХІІ ст. «Увогуле, лік масавых знаходак ужо перавышае некалькі тысяч, а ўнікальных некалькі соцен. Таксама мы расчысцілі маставую, будынкі», — адзначыў прафесар, паведаміўшы, што ўсё гэта будзе прадэманстравана на рыцарскім фэсце з Мсціславе 26-27 ліпеня.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: