Што насамрэч дае Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей аб’ектам спадчыны ў Беларусі?

Беларускі камітэт ICOMOS абвяшчае збор кейсаў аб эфектыўнасці Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў у ратаванні помнікаў. Дэдлайн – 10 чэрвеня.

Беларускія медыя рэгулярна «ўскіпаюць» ад навін аб разбурэнні альбо занядбанасці важных для нашай культуры помнікаў. Спецыялісты ў ахове культурнай спадчыны, бізнэсоўцы, актывісты і многія іншыя неабыякавыя абураюцца дзеяннямі альбо бяздзеяннем дзяржаўных службоўцаў. Агульнапрынята лічыць уключэнне будынка ў Дзяржаўны спіс першым і важнейшым крокам яго ратавання. Але што адбываецца далей? І ці не здараецца часам так, што на практыцы ўключэнне помніка ў Дзяржспіс не заўсёды гарантуе яго захаванне, у той час як многія помнікі набываюць новае жыццё перадусім дзякуючы высілкам асобных людзей альбо супольнасцяў? 

Беларускі камітэт ICOMOS запрашае паглядзець больш пільна на ўсю карціну такіх рознародных сітуацый і супольна прааналізаваць эфектыўнасць Спіса як найпершага інструмента культурнай палітыкі у захаванні спадчыны. Арганізацыя шукае паказальныя кейсы, якія ілюструюць наступныя сцэнары: 

1) Калі каштоўны аб'ект знаходзіўся пад пагрозай зноса, і яго ўнясенне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў сапраўды паспрыяла захаванню і аднаўленню, аб'ект быў уведзены ў эксплуатацыю;

2) Калі аб'ект з наданым статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці гадамі стаіць закінуты і занядбаны, інвестар на яго не знаходзіцца або пасля некалькіх спробаў пачаць працы адмаўляецца;  

3) Калі каштоўны аб'ект не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднак яго аднаўленне адбываецца згодна методыцы рэстаўрацыі з павагай да аўтэнтычных элементаў і ролі ў гісторыі;

4) Калі грамадская актыўнасць, арганізаваная вакол каштоўнага аб'екта з мэтай яго захавання, сапраўды садзейнічала яго аднаўленню і ўвядзенню ў эксплуатацыю, у незалежнасці ад таго, унесены ён у Дзяржспіс ці не. 

Прапанаваць на разгляд кейсы можна да 10 чэрвеня ўключна, даслаўшы ліст на электронную скрыню belarus.icomos@gmail.com.

У апісанні неабходна ўказаць:

  • Назву аб’екта, яго месцазнаходжанне;
  • Яго кароткую гісторыю (100-200 словаў);
  • Кантакты асобы ці арганізацыі, ад якіх можна даведацца больш інфармацыі. 

Сабраныя кейсы будуць прадстаўленыя падчас навукова-практычнай канферэнцыі «Права на спадчыну” і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: Выклікі і рашэнні», што мае адбыцца 19-20 чэрвеня гэтага года офлайн ці онлайн. Арганізатары падзеі імкнуцца прааналізаваць ілюстрацыі эфектыўнасці альбо неэфектыўнасці працы такога інструмента, як Дзяржспіс, у дыялогу з адказнымі органамі ўлады. А выніковы аналітычны дакумент, складзены паводле сабраных кейсаў, дазволіць экспертам (сярод якіх можаце быць і вы) акрэсліць наступныя крокі ў адвакатаванні неабходных зменаў у прававым рэгуляванні працы з спадчынай.

Даведка

«Права на спадчыну» – серыя супольных мерапрыемстваў Беларускага камітэта ICOMOS і МНДА «ЕўраБеларусь», прысвечаных выпрацоўцы актуальных і дзейсных практык кіравання спадчынай прафесійнымі, лакальнымі і іншымі супольнасцямі. 

Першай падзеяй – ужо ва ўмовах пандэміі – стаў онлайн-семінар «Партысіпатыўнае кіраванне культурнай спадчынай: у пошуках эфектыўнай мадэлі для Беларусі», на якім каля 20 грамадскіх і культурніцкіх актывістаў абмеркавалі шляхі развіцця практык удзелу разнастайных супольнасцяў. Далей чакаюцца канферэнцыя, а таксама лекцыі і круглы стол з удзелам замежных экспертаў у галіне спадчыны.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: