Уладзімір Дунаеў: За мяжой вучацца 30 000 беларусаў, але палова з іх — у Расіі

У межах Тыдня студэнта сябра Грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў выступіў з адкрытай лекцыяй і распавёў пра доўгі шлях Беларусі ў Балонскі працэс.

Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"



«Універсітэты цягам сваёй гісторыі выраблялі свабоду»


Сваё выступленне ў моладзевым цэнтры «Фіальта» Уладзімір Дунаеў пачаў з таго, што прапанаваў прысутным студэнтам паразважаць, што такое ўніверсітэт. Паслухаўшы розныя азначэнні, лектар вывеў сваё: універсітэт — гэта не навучальная ўстанова, а перадусім карпарацыя, супольнасць людзей, звязаных клятвай.

Ёсць чатыры еўрапейскіх універсітэта, якія з’явіліся ў ХІІ–ХІІІ стагоддзях, існуюць да сёння і лічацца найстарэйшымі — гэта Балонскі, Парыжскі, Оксфардскі і ўніверсітэт Манпелье.

Дык вось, у Сярэднявеччы ўніверсітэты былі часткай гарадской супольнасці, накшталт аб’яднанняў рамеснікаў, гільдый і інш. Так, Балонскі ўніверсітэт узнік як супольнасць студэнтаў на базе школ права. Члены супольнасці былі ўжо людзьмі сталымі і наймалі выкладчыкаў. Рэктарам універсітэту таксама мог стаць толькі студэнт. Людзі, якія праходзілі праз такія ўніверсітэты, засвойвалі ўменні дэмакратычных грамадзянскіх паводзін.

— У гэтым сэнсе ўніверсітэты цягам сваёй гісторыі выраблялі свабоду, таму ў Еўропе многія дэмакратычныя інстытуты маюць глыбокі падмурак універсітэцкай культуры, — зазначыў Уладзімір Дунаеў.

Ён распавёў, што спачатку ў 1998 годзе міністрамі адукацыі Францыі, Італіі, Германіі і Вялікабрытаніі была падпісаная Сарбонская дэкларацыя. Але тады ў многіх еўрапейскіх краін узніклі прэтэнзіі, што ім навязваюць сваю волю краіны-«гіганты». Таму праз год прадстаўнікі 29 краін Еўропы падпісалі Балонскую дэкларацыю. Яны дамовіліся паспрабаваць мадэрнізаваць сістэму вышэйшай еўрапейскай адукацыі ў некалькіх кірунках: зрабіць празрыстай і зразумелай архітэктуру адукацыі; увесці еўрапейскую сістэму трансферту крэдытаў (ECTS), г. зн. стварыць магчымасць, адвучыўшыся ў адной краіне, засведчыць гэта ў іншай, а таксама забяспечыць мабільнасць выкладчыкаў і студэнтаў. Беларускія студэнты часта сутыкаюцца з такой праблемай, калі, павучыўшыся за мяжой, вяртаюцца ў свой універсітэт, і там ад іх патрабуюць здаць прадметы, якія яны не вывучалі (нават калі гэта аналаічныя курсы, толькі называюцца па-іншаму).

— Насамрэч беларусы — не дамаседы, — працягнуў тэму мабільнасці лектар. — Ёсць статыстыка ЮНЕСКА аб тым, колькі беларусаў вучыцца за мяжой, прычым не па праграмах абмену. Дык вось такіх людзей каля 30 000. Гэта вельмі высокі паказчык, бо нават у вялізнай у параўнанні з намі Украіне — толькі  50 000. Але палова з нашых грамадзян едзе вучыцца ў Расію.


«Студэнты супраць»


Вяртаючыся да Балонскага працэсу, Уладзімір Дунаеў  паведаміў, што цяпер у ім 48 краін, і апошняя, якая далучылася — Беларусь.

— У нас быў шанец акрэсліць свае намеры на ўступленне ў працэс на Берлінскім саміце міністраў адукацыі ў 2003 годзе. Беларусь удзельнічала ў ім у якасці назіральніка, і ў 2005 годзе, разам з Украінай, магла б далучыцца да Балонскага працэсу.

Але ў 2004 годзе адбыўся рэзкі паварот ад курса інтэрнацыяналізацыі беларускай вышэйшай адукацыі да самаізаляцыі. Да гэтага ўжо нават паспелі зрабіць нейкія крокі да набліжэння да Балонскага працэсу, напрыклад, унесці змены ў закон «Аб адукацыі». Але ў 2001 годзе адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх Аляксандр Лукашэнка атрымаў «пераканаўчую перамогу».

— Праўда, на тых участках, дзе можна было палічыць галасы студэнтаў, выявілася, што тыя прагаласавалі супраць.

Рэктарам БДУ,  дзе за Лукашэнку аддалі ўсяго 5% галасоў, у той час быў Аляксандр Казулін. Дарэчы, да 1996 года кандыдата на гэтую пасаду ў Беларусі выбіралі, а не прызначалі. Дык вось, за вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах Аляксандр Казулін паплаціўся месцам. А ўлады зразумелі, што студэнцтва — гэта апазіцыйная супольнасць, з якой трэба нешта рабіць. З’явіўся нават тэрмін «апазіцыйныя ўніверсітэты», многія з якіх неўзабаве спынілі сваё існаванне — напрыклад, бяскрыўдны Міжнародны гуманітарны інстытут пры Белдзяржуніверсітэце, а таксама Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

 — З’яўляецца дзяржаўная ідэалогія і кантроль над зместам адукацыі, фарсіруецца развіццё БРСМ і маніпуляванне складам студэнтаў — напрыклад, асобны конкурс для абітурыентаў з гораду і вёскі, які існаваў да нядаўняга часу, і, нарэшце, ізаляцыя ад «шкоднага ўплыву Захаду», — узгадаў выступоўца.


Доўгі шлях да Балоньі


Сістэма вышэйшай адукацыі Беларусі праіснавала ў самаізаляцыі да 2009 года, пакуль зноў не паўстала пытанне аб уступленні ў Балонскі працэс. Нарэшце ў 2010 годзе тагачасны міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў даў на гэта адмашку, праўда, сказаў, што ў беларускай сістэме адукацыі нічога мяняць не трэба.

У 2011 годзе Беларусь падала заяўку на ўступленне ў Балонскі працэс, тады ж на базе Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства быў створаны Грамадскі Балонскі камітэт. Паралельна з Міністэрствам адукацыі ён прадставіў альтэрнатыўны даклад аб стане вышэйшай адукацыі ў Беларусі і гатоўнасці нашай краіны далучыцца да Балонскага працэсу.

— Мы паказалі, што Беларусь не проста не гатова да ўступлення ў Балонскі працэс, але і не разумее ступені сваёй негатоўнасці. Насамрэч не трэба адпавядаць усім яго нормам і крытэрам, дастаткова проста дэманстраваць сваю гатоўнасць ісці гэтым шляхам, — зазначыў Уладзімір Дунаеў. — Аснова ўсяго — еўрапейскія акадэмічныя каштоўнасці: акадэмічная свабода і ўніверсітэцкая аўтаномія, роўнасць доступу да вышэйшай адукацыі і дэмакратычныя метады кіравання. Але ў нас усё гэта знаходзіцца ў сумным стане. Да нас прыслухаліся і рашэнне Саміту міністраў адукацыі ў Бухарэсце было такім, што Беларусі яшчэ рана ўступаць у Балонскі працэс і ёй прапанавалі папрацаваць да наступнага саміту.

У траўні 2015 года ў Ерэване Беларусь прынялі ў Балонскі працэс умоўна і стварылі для нашай краіны Дарожную карту рэформ вышэйшай адукацыі, якую цяпер наша краіна не вельмі спяшаецца імплементаваць.


Еўрабеларусь



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Культура: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: