Унікальная выстава пра даваенную мяжу

17 верасня ў 17-00 у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы (Мінск, вул. Я.Купалы, 4) адкрываецца выстава з прыватнай калекцыі беларускага гісторыка Ігара Мельнікава «Мяжа была пад Мінскам 1921-1941 гг.».

Выставачны праект беларускага гісторыка Ігара Мельнікава прысвечаны гісторыі даваеннай польска-савецкай мяжы ў Беларусі. На працягу апошніх 10 гадоў даследчык вывучаў асаблівасці функцыянавання таго кардона, збіраў артэфакты, здымкі і дакументы звязаныя з ім, правадзіў палявыя даследаванні і экспедыціі. У выніку свет убачылі дзве кнігі “Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг.” (2015) і “Мяжа была пад Мінскам 1921-1941 гг.” (2017). Акрамя гэтага, была сабрана вялікая калекцыя артэфактаў, здымкаў і матэрыялаў, якія адлюстроўваюць розныя бакі функцыянавання мяжы паміж Польшчай і БССР у 1920-1930-я гады. У выніку, пры падтрымцы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купала, арганізавана выстава на якой упершыню ў Беларусі прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы, звязаныя з гісторыяй польска-савецкай дзяржаўнай мяжы на тэрыторыі Беларусі ў даваенны час.

Чытайце Ігара Мельнікава ў НЧ

Гасцям выставы будуць прадстаўлены сотні ўнікальных архіўных здымкаў з калекцыі аўтара, якія ілюструюць гісторыю функцыянавання савецкай і польскай памежнай аховы. Асаблівую цікавасць выклікаюць аўтэнтычныя савецкія і польскія дакументы, якія рэгламентавалі знаходжанне грамадзян у памежнай зоне, пашпарты і даведкі. Усё гэта – унікальныя крыніцы па гісторыі той цяжкай эпохі, калі Беларусь была падзелена паміж Савецкім Саюзам і Другой Рэччу Паспалітай.

Адмысловая частка выставы прысвечана барацьбе супраць кантрабандыстаў, а таксама працы польскай і савецкай выведкі. Асаблівую ўвагу аўтар надае падзеям 17 верасня 1939 года на “мяжы цывілізацый”, калі Чырвоная Армія распачала “вызвольны паход” у Заходнюю Беларусь. Аднак пасля гэтых падзей даваенная мяжа не знікла і ператварылася ў “зону загароды” якую ахоўвалі савецкія памежнікі аж да чэрвеня 1941 года. Пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР савецкія памежнікі на “старой мяжы” мужна змагаліся супраць ворага.

Выстава “Мяжа была пад Мінскам 1921-1941 гг.” дазваляе глыбока вывувыць і зразумець феномен даваеннай савецка-польскай мяжы, якая наклала вялікі адбітак на лёс беларускага народа і дзяржавы. Гэты праект прысвечаны 80-й гадавіны з моманту пачатку Другой сусветнай вайны і накіраваны на захавання гістарычнай памяці пра тыя падзеі. 


Паводле historiapobach.livejournal.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!