Упершыню ў Беларусі выступіць фолк-рытуал-гурт «Кулгрында» (Літва)

20 верасня ў Мінску адбудзецца канцэрт рытуал-фолк музыкі, у якім упершыню возьме ўдзел літоўскі музычны гурт «Кулгрында» (Kūlgrinda).
Гэты гурт заўважна вылучаецца як з шэрагу шматлікіх у Літве аўтэнтычных фальклорных музычных калектываў, так і з шэрагу музычных фармацый, што стылёва і ашчадна ўносяць літоўскі фальклор у сучасную музычную культуру.

«Кулгрында» выконвае, у тым ліку, аўтэнтычныя літоўскія (і старапрускія) народныя песні, але суправаджае іх старажытнымі музычнымі інструментамі: дуда, канклес-гуслі, барабаны старадаўняга тыпу, колавая ліра. Іншы складнік музычнага «твару» гурта — гэта гімны, звернутыя да старых літоўскіх і балцкіх багоў і багіняў, рэканструяваныя на грунце звестак з фальклору і захаванай у ім старажытнай міфалогіі.

Узначальвае «Кулгрынду» Інія Трынкунене — лідарка Літоўскай супольнасці балцкай веры «Рамува».



З беларускага боку пару «Кулгрындзе» складзе музычны гурт «Дайнава» (Dainava). Яго музычнае «аблічча» — аўтэнтычныя каляндарныя песні, выбраныя з усяго шматслойнага масіва народнага фальклору, і дудовая музыка. У складзе «Дайнавы» — кіраўніца Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Ганна Сілівончык, мультыінструменталістка і экс-удзельніца «Старога Ольсы» Кася Радзівілава, майстар народных музычных інструментаў Сяргей Чубрык, знаўца народных практык і традыцый Святлана Клепікава.

Сумесны канцэрт «Kūlgrinda» (Літва) і «Dainava» (Беларусь) адбудзецца 20 верасня ў Маладзёжным тэатры эстрады (Маскоўская, 18А).

Інфалінія: 44 5517706, 29 8517706.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!