«Усё сваё» ў Гістарычным музеі

23 чэрвеня ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея пройдзе Фестываль роднай ежы «Усё сваё»+ «Спеўны сход», якое стане пачаткам новага летняга сезону яскравых сустрэч у дворыку на Карла Маркса 12.

Фестываль Роднай ежы “Усё сваё” быў арганізаваны ў 2018 годзе суполкай фермераў і гастраэнтузіястаў, якая адраджае і захоўвае кулінарныя традыцыі беларусаў. Фестываль прайшоў 4 разы ў 2018 годзе і сабраў больш за 20 тысяч гасцей, падчас якіх праводзіліся адукацыйныя праграмы, дэгустацыі і сустрэчы.

У межах Года малой радзімы, а таксама з нагоды правядзення Другіх Еўрапейскіх гульняў Фестываль “Усё сваё” запрашае паўдзельнічаць у свяце, на якім будуць прадстаўлены кухні розных народаў, спевы і танцы, а таксама майстар-класы, гульні і розыгрышы.

Акрамя беларускай кухні, у гэты раз гасцям прапаноўваецца пазнаёміцца з кулінарнай культурай Грузіі дзякуючы ўдзелу спецыяльнага госця свята — рэстарана “Хінкальня”. А таксама перанесціся ў аўтэнтычны дворык Адэсы прапануе рэстарацыя “Камуналка”.

Упрыгажэннем фестывалю стануць музыка, спевы і танцы ад народнага аматарскага аб’яднання нацыянальных культур “Шматгалоссе”, ансамбля беларускай песні “Вербіца”, шоу-групы “Легенды Каўказа”, фальклорнага ансамбля армянскага танца “Эребуні”, фальклорнага ансамбля ўкраінскай песні і абраду “Ватра”, хору “Маёвы квят” з Польшчы і іншых. Выдатным завяршэннем стане “Спеўны сход”, які акумулюе традыцыйныя песенныя культуры нашай краіны.

Паводле прэс-службы Нацыянальнага гістарычнага музею Рэспублікі Беларусь




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!