Ужо заўтра: у Беларусі адбудзецца Тыдзень роднай мовы

Ад 18 да 24 лютага ў Беларусі пройдзе Тыдзень роднай мовы. Ён прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, паведамляе прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук (НАН), піша Радыё Свабода.

Тыдзень арганізаваны Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Як адзначаюць арганізатары, «праводжаныя мерапрыемствы павінны служыць фактарамі, якія заклікаюць суайчыннікаў выкарыстоўваць беларускую мову, беражліва захоўваць яе як каштоўную спадчыну, якая засталася нам ад продкаў, і якая мусіць быць перададзеная дзецям як крыніца нацыянальнай культуры, ментальнасці і светапогляду».

На працягу Тыдня роднай мовы вядучыя навукоўцы Інстытуту мовазнаўства выступяць перад грамадскасцю, у сродках масавай інфармацыі, возьмуць удзел у прэзентацыях і святочных мерапрыемствах, якія будуць арганізаваныя дзяржаўнымі ўстановамі, вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі Беларусі.

19 лютага ў рамках тыдня ў Інстытуце мовазнаўства адбудзецца сустрэча са студэнтамі факультэту славянскіх і германскіх моваў Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Будучым лінгвістам раскажуць пра гісторыю інстытуту, прадставяць сучасныя даследаванні аб нацыянальным мовазнаўстве, пакажуць выставу навуковых працаў інстытутаў. Яны таксама наведаюць Музей старажытнабеларускай культуры.

20 лютага Рэспубліканская тэрміналагічная камісія пры НАН Беларусі правядзе круглы стол «Беларуска-рускае дзяржаўнае дзвюхмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медычнай тэрміналогіі». На ім будуць абмеркаваныя стан і праблемы выкарыстання беларускай тэрміналогіі ў сферы медыцыны і аховы здароўя ў Беларусі. У пасяджэнні возьмуць удзел выкладчыкі медычных навучальных установаў Беларусі, навукоўцы-філолагі, лекары.

У гэты самы дзень у Мінску пройдзе прэзентацыя кнігі Апанаса Ярушэвіча «Руска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына», падрыхтаванай Інстытутам мовазнаўства супольна з Нацыянальным архівам Беларусі. Як адзначаюць даследнікі, «Руска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына» — унікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны руска-беларускі слоўнік, створаны нацыянальнай мовазнаўчай навукай.

21 лютага дырэктар Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў выступіць з лекцыяй «Дзелавая камунікацыя ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму» перад слухачамі факультэту павышэння кваліфікацыі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце — кіраўнікамі галоўных упраўленняў (аддзелаў) ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкаму, гарвыканкамаў, райвыканкамаў, мясцовых адміністрацый. У сваю чаргу акадэмік Аляксандар Лукашанец у гэты самы дзень выступіць з лекцыяй перад студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэту БДУ.

У пятніцу, 22 лютага, адбудзецца сустрэча ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа са студэнтамі факультэтаў пачатковай адукацыі, дашкольнай адукацыі і Інстытуту інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. У Інстытуце мовазнаўства ў гэты самы дзень адбудзецца лекцыя даследніка гісторыі беларускай мовы Сяргея Запрудскага «Мікалай Байкоў — знаёмы і незнаёмы», прымеркаваная да 130-годдзя выдатнага беларускага лексікографа.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!