Узровень Андрэеўскага спуску

У прынцыпе, напісаць усё, што я думаю пра «Восеньскі салон», я мог бы яшчэ ў мінулым годзе. Прычын дастаткова. Але я загадаў сабе замоўкнуць і даць ім шанец.

Кадр з фільма “О чём говорят мужчины” (2010)


Бывае, збяруцца абазнаныя людзі з добрымі намерамі ды настроенымі інструментамі, але з першага праходу сыграюць сабачы вальс замест Пахельбеля праз уласнае хваляванне, мітусню ці яшчэ праз якую халеру. Калі з іх адразу пачаць кпіць, можаш знішчыць добрую справу.


Тое, што прадставілі нашым вачам у гэтым годзе, — гэта ўжо цалкам асэнсаванае выказванне; стракатасць складу сышла. З вінегрэту, які поўніўся кітчам, пейзажыкамі, выбітным дзёрзкім артам ды няўцямнай лухтой, знік трэці інгрэдыент. Дзякуючы чаму стала зразумела, што дакладна мелася на ўвазе пад «мастацтвам» ў мінулую восень.

Чалавека пільнага і пісьменнага ў «Восеньскім салоне» можа напружыць шмат што. Ну, вось гэты слоган: «Традыцыі вяртаюцца». У неахайнасці спалучэння двух словаў, як у люстры, адбіваюцца ўсе тыя акварэлі з караблікамі, якія мы пазней пабачым у зале. Традыцыі могуць вяртацца толькі на рэкламе піва. Традыцыі, пра якія мусіць выказвацца мастацтва (насуперак традыцыям піваварэння), могуць толькі існаваць бясконца, інакш яны не былі б традыцыямі.

У 1863 годзе, дзякуючы асабістаму ўмяшальніцтву Напалеона III, мастакі-наватары, якім штогод адмаўляла кансерватыўнае журы Парыжскіх салонаў, атрымалі залу ў другім крыле Палаца індустрыі. «Салон адрынутых» даў шанец выказацца тым, каго не было бачна раней. Помста журы, якое вывесіла найбольш «смешныя» карціны на самых бачных месцах, зрабіла падзею адметнай і прывяла ў «нефармальнае крыло» велізарны натоўп. Той самы натоўп, які даўно ўжо абмінаў маркотныя ды ніякаватыя асноўныя Салоны. Буржуа ішлі пасмяяцца з тых, каго хутка назавуць «імпрэсіяністамі»; гэты смех якраз і гарантаваў барацьбітам з акадэмізмам месца ў вечнасці.

Бо, як сказаў Махатма Гандзі, «спачатку цябе не заўважаюць, потым над табой смяюцца, пасля змагаюцца з табой, а ў выніку ты перамагаеш».

З улікам таго, што ў беларускім выяўленчым мастацтве па парыжскіх мерках усё яшчэ 1862 год, можна было спадзявацца, што «Белгазпрамбанк» у імкненні «сфармаваць у РБ арт-рынак» зладзіць «Салон адрынутых». Тым больш што вопыт дапамогі «адрынутым» ужо ёсць: менавіта «Белгазпрамбанк» у 2012-м фактычна «легалізаваў» Марка Шагала. Але «Восеньскі салон» – гэта не «Салон адрынутых». Гэта яшчэ адзін той, асноўны, Парыжскі акадэмічны салон. Які капіюе склад ды эстэтыку «Галерэі мастацтва» на праспекце Незалежнасці.

Дзякуючы «Салону адрынутых» у Францыі сёння ёсць сучаснае мастацтва. Дзякуючы «Восеньскаму салону» выспяванне таго, што можна было б назваць сучасным мастацтвам у Беларусі, чарговы раз запавольваецца.

Што такое «сучаснае мастацтва»?

Калі рэдукаваць шматслоўныя азначэнні да дзвюх простых формулаў, гэта будзе 1) правакацыйнае палітычнае выказванне, 2) новае па форме альбо мове выказванне пра быццё. Зразумела, што разгарнуць логіку «Восеньскага салону» ў першым напрамку куратары не маглі: пляцоўкі для палітычных выказванняў у Беларусі сёння – невялічкія галерэі з нібыта маргінальнымі аўтарамі, якія, тым не менш, прадаюцца за мяжой і выстаўляюцца ў прыстойных залах у Еўропе. Але я чакаў (два гады), што «Восеньскі салон» развернецца ў бок яскравага, натхняльнага асэнсавання нашага быцця – парасткі такой канцэпцыі ў мінулым годзе былі, хай сабе і гінулі ў пустазеллі «мастацтва», якое хвалілі каментатары на TUT.by.

Вы пабачыце тут акварэлькі і алейкі, пейзажыкі і нацюрморцікі. Агульны ўзровень – экзаменацыйны прагляд студэнтаў Акадэміі мастацтваў апошняга курса.

Вы пабачыце тут кепскае фота размалёваных дзяўчат (ужо было, Нью-Ёрк, 1970-я) і нягеглыя кпіны на тэму савецкага космасу (ужо было, «сац-арт», Масква, канец 1980-х). Тут ёсць коцікі і сабачкі. Пра коцікаў я не жартую і не перабольшваю. Тут ёсць дзяўчына-матыль у форме скульптуры – вельмі добры кампаньён да садовага гнома на ўчастку.

Сустракаюцца цікавыя карцінкі ўзроўню арт-кавярні недзе на выселках Вены, ну, напрыклад, «Вавілон» Мішэля Данэкнэра. Але ўвесь час нечага не хапае: ці то мовы, ці то сэнсу. Калі ёсць цікавая ідэя, як у тым «Вавілоне», то мастаку бракуе тэхнікі, каб яе выканаць як след.

Выстава Джока Стэрджэса «Без сораму» выбухнула ў Маскве не таму, што яна нібыта прапагандавала дзіцячае порна, а таму, што яна казала пра прыгажосць нязвыклым – а таму правакацыйным для большасці – чынам. Менавіта гэта робіць мастацтва мастацтвам. Калі б ён апрануў дзяцей і прымаляваў ім рожкі, яго б не толькі не папракалі ў сэксуальнай аб’ектывацыі юнацтва, але і ўвагі б не звярнулі. Галоўнае пытанне, якое застаецца пасля прагляду «Восеньскага салону»: пра што гэта? Што аб’ядноўвае творцаў, акрамя жадання прадавацца? Што – тэматычна, тэхнічна ці як яшчэ складае іх у «беларускую школу»? Калі нейкая скразная тэма і была, дык існавала вельмі неартыкулявана. Напрыклад, даволі ўдалыя імперскія штурмавікі, што адгружаюць яблыкі ў трактар «Беларусь» («Сезонныя работы ў садзе») – выказванне, дарэчы, акрэсленае палітычна; фотасерыя «Касмадромы знікаюць», у якой Аляксандр Цехановіч фатаграфаваў закінутыя комплексы зернасушэння; скульптура «Зорныя войны» Вольгі Савіч – усё разам утварала касмічную тэматычную меншасць сярод катоў, рыбак і спруцікаў. Але гэтая тэма ніяк не канцэптуалізавалася – а ці не гэта робіць выставу выставай?

Андрэеўскі спуск

Калі я хадзіў па двух паверхах Палаца мастацтваў, мяне не пакідала адчуванне, што я назіраю той тып мастацтва, які прадаваўся ў нас на вернісажы ля ДК прафсаюзаў ці ў Кіеве на Андрэеўскім спуску. Там таксама ёсць не толькі захады над морам, сосны ў жыце і матрошкі. Там ёсць і «сучаснае мастацтва», гэткі авангард. Можна, напрыклад, пабачыць блакітнага кацюлю. Ці коціка, які п’е гарбату. Прадаюць магніцікі на халадзільнік, даволі добра зробленыя.

Калі мэтай «Восеньскага салону» было стварыць арт-рынак, дык гэтая мэта выкананая толькі для самага нізавога сегменту: гандляроў шторамі са Ждановічаў ды цётачак з райвыканкамаў, якія выбіраюць партрэт каня сабе ў спальню. Але гэты «арт-рынак» і не патрабаваў стварэння: ён ужо існуе на «Вернісажы» (ці на Андрэеўскім спуску). Калі ж задача – паспрыяць з’яўленню сапраўднага арт-рынку, з заможнымі калекцыянерамі, дзёрзкімі пазнавальнымі мастакамі ды вызначанымі канцэпцыямі, трэба закрываць «Восеньскі салон» і пачынаць усё з самага пачатку – імя ўжо не адродзіцца. Пачынаць з прыцягнення знакавых айчынных адмыслоўцаў, замежнікаў з густам, людзей, якія патлумачаць фундатарам, што на натоўп арыентавацца не трэба, бо «Вернісаж» і Андрэеўскі спуск ужо ёсць.

Інакш ёсць вялікая небяспека пабачыць на наступным салоне магніцікі на халадзільнік.


budzma.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: