«В.Сямашка ды Кумпанія» запісалі антытаталітарны альбом у Магілеве

 Меладэкламацыйная фармацыя «Віктар Сямашка ды Кумпанія» выклала ў Сеціва новы альбом «Tota». Вершы падкрэслена антытаталітарнага зместу прачытаныя пад цалкам спантанны акампанемент.

Запіс адбыўся сёлета падчас жывога выступу ў магілеўскім “Цэнтры Кола”. Супергрупа набыла тутэйшы каларыт, уключыўшы ў склад ураджэнца Магілева Фрыдрыха Самотнага (сакс) ды Максіма Іўкіна (вакал) з Быхава. За рытмічна-гарманічную аснову адказвалі Дзяніс “Sinie Gory” Кудраўцаў (гітара), Алесь Сямашка (бас) і Яўген Булдык (бубны). Сярод публікі былі заўважаныя прадстаўнікі мясцовага хіпі-руху 1960-70-ых гг.
Паводле абранага “Кумпаніяй” прынцыпу, кожная кампазіцыя выконваецца толькі аднойчы. Таму цяпер праграму “Tota” можна пачуць выключна ў адрэдагаваным аўдыёзапісе альбо ў поўнай відэаверcіі, адзнятай і змантаванай магілеўскім журналістам Аляксандрам Сабалеўскім. Ягоныя ўражанні: “Неверагодны блюз-джаз-рок у выкананні “Кумпаніі” плюс улётна-псіхадэлічная музыка ад “Сініх Гораў” раскруцілі “Кола” да неверагодных абаротаў”.

Канцэрт прайшоў пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” ды Саюза беларускіх пісьменнікаў. На вокладцы змешчаная жывапісная праца Віктара Сямашкі-старэйшага.

Фота А.Сабалеўскага


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!