"Ваячак" Змітра Вайцюшкевіча стаў альбомам года па версіі Experty.by

Лепшым альбомам 2012 года, паводле версіі штатных экспертаў праекта аб беларускай музыцы Experty.by,  стаў "Ваячак" Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў у розных намінацыях праекта адбылася 27 сакавіка ў Мінску.
 



Апрача таго, чарговая работа Вайцюшкевіча стала лепшым беларускамоўным альбомам, апярэдзіўшы легендарны гурт "Палац" і магіляўчан з Akute, якія падаюць вялікія надзеі.



Лепшым дэбютным альбомам прызнаны Random Mood Jukebox мінскага гурту Clover Club. "Незалежны свежы кактэйль з пяці інгрэдыентаў", як сябе называюць музыканты гэтага гурту, апынуўся наперадзе этна-транс-калектыву Shaman Jungle і гаражнага блюза ад Sang Sattawood, які замкнуў тройку фаварытаў.



У намінацыі "Лепшы фолк-альбом" пераможцам чакана стаў "Палац" з альбомам "Кола грукатала", абагнаўшы зборны беларуска-ўкраінскі калектыў Дахабраха & PortMone.

 

"Не існуе" Akute прызнаны лепшым альбомам у стылі рок, пакінуўшы ззаду Clover Club і калектыў "Чырвоныя зоркі" з альбомам "Свабода 2012".

 

Прыз "народных" экспертаў — найбольш актыўных наведвальнікаў партала Experty.by — дастаўся "Сярэбранаму вяселлю" за альбом Laterna Magica. Другое і трэцяе месцы гэтай намінацыі раздзялілі Clover Club і Shaman Jungle.

 

Сёлета альбомы беларускіх музыкантаў ацэньвалі такія замежныя крытыкі, як Аляксандр Філімонаў (Расія), Юлія Каламіец (Украіна), Ярак Шубрыхт (Польшча), Кароліс Вішняўскас (Літва), Каспарс Завілейскіс (Латвія). У выніку свой прыз замежныя крытыкі прысудзілі альбому "Хмелева Project" Дахабраха & PortMone.

 

Прыз вялікага журы, у якое ўвайшлі чацвёра штатных і восем пазаштатных экспертаў праекта, пайшоў "Сярэбранаму вяселлю". Clover Club, а таксама Сяргей Пукст з альбомам "Унутранае" раздзялілі серабро і бронзу гэтай намінацыі. Пазаштатны крытык, аўтар музычнай перадачы партала Tut.by Яўген Далгіх ад сябе асабіста ўзнагародзіў музыкантаў Sang Sattawood.

 

Двойчы ўзнагароджаны падчас цяперашняй цырымоніі Зміцер Вайцюшкевіч у каментарыі БелаПАН выказаў надзею, што перамога яго альбома, магчыма, дапоўніць праект Experty.by намінацыяй "Лепшы беларускамоўны шансон". "Гэты праект зараз пачынае пераважваць усе іншыя прызавыя праекты, таму што ён сістэмны, больш прафесійны і дэмакратычны", — сказаў музыкант.

 

Уладальнікі лепшага дэбютнага альбома Clover Club адзначылі ў інтэрв'ю БелаПАН, што не ведаюць, у якой стылявой намінацыі яны маглі б перамагчы ў наступным годзе. "Наш другі альбом, над якім мы зараз працуем, з'яўляецца лагічным працягам першага, гэта кактэйль, які напоўнены эмоцыямі і стылямі, мы сябе ні ў чым не абмяжоўваем", — падкрэсліў гітарыст і бэк-вакаліст Дзмітрый Кацяшоў.

 

Партал Experty.by пазіцыянуе сябе як пляцоўка для "сістэматычнага апісання і ацэнкі дыскаў беларускіх артыстаў, а таксама абагульнення звязанай з імі інфармацыі". Эксперты праекта фіксуюць, апісваюць і рознабакова ацэньваюць альбомы беларускіх альтэрнатыўных рок-, фолк-, поп-музыкантаў.

Захар Шчарабкоў, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: