Вайцюшкевіч: «Будучыня» Галубка — аповед пра нашыя беларускія мары (+аўдыё)

Зміцер Вайцюшкевіч прэзентуе ў межах праекту «(Не)расстраляная паэзія» парталу TuzinFM нечаканы трэк, напісаны на словы Уладзіслава Галубка, заснавальніка беларускага сучаснага тэатру і першага Народнага артыста краіны.


Уладзіслаў Галубок увайшоў у гісторыю як паэт, празаік, драматург, рэжысёр, актор, мастак. Ён пачаў друкавацца ў «Нашай Ніве» ў 1908 годзе, стварыў каля 40 п’есаў, на пачатку 1920-х стварыў беларускі вандроўны тэатар, які праз некалькі год атрымае статус дзяржаўнага. Менавіта Галубок першым у гісторыі краіны атрымае званне Народнага артыста Беларусі (1928), праўда практычна пасля гэтага пачнецца ягоны пераслед. Галубка расстраляюць у 1937-м, трохі раней чым большасць ягоных калегаў, 28 верасня (па іншых звестках ён памёр у турме). Разам з тым арыштаваныя і рэпрэсаваныя ўсе, хто граў у ягоным тэатры (БДТ-3). Падрабязней пра жыццё і творчасць Уладзіслава Галубка распавядзе Васіль Дранько-Майсюк на лекцыі ў кнігарні «Логвінаў» 3 лістапада.

Менавіта на верш Уладзіслава Галубка стварыў сваю песню ў межах праекту «(Не)расстраляная паэзія» Зміцер Вайцюшкевіч: «Я ведаў, што ён стваральнік беларускага тэатру, але акром гэтага факту хіба што нічога. Сярод тых вершаў, якія дайшлі да нас, я шукаў нешта пазітыўнае. І на шчасце знайшоў! Будучыню!».

Верш Галубка «Будучыня» датаваны 1912 годам. Вайцюшкевіч называе гэты твор аповедам пра нашыя беларускія мары. «Тут усё супала – і заклік Галубка адбудаваць свой сапраўдны дом, і маё зацікаўленне кампутарнымі тэхналогіямі ды сімфанічнай музыкай, пагатоў я маю класічную адукацыю», – кажа Зміцер. У запісе песні на студыі Everest паўдзельнічалі таксама Алесь-Францішак Мышкевіч (бас) і Павал Мамонаў (бубны).

Ужывую Вайцюшкевічу хочацца яе выконваць з відэашэрагам, інсталяцыямі і перформансамі. І каб заля падпявала: «Будуем новы дом!».

Зміцер Вайцюшкевіч – Будучыня (музыка Змітра Вайцюшкевіча, словы Уладзіслава Галубка).


Кіпіць работа, плыве пот,
І крык і гул, як гром;
Туды, сюды снуе народ.
Будуюць новы дом.

                Лапаты рэжуць глыб зямлі,
                Зьвініць сталёвы лом;
                На месцы даўняй старыны
                Будуюць новы дом.

Штодзень угору сьцены йдуць,
Ушыр і ўдоўж кругом;
Баліць мазоль, і рвецца грудзь,
А ўсё ж будуюць дом!

                Настане дзень, надойдзе час,
                Мы крэпку столь зьвядзём,
                І лепшай прышласьцю для нас
                Быць мусіць новы дом!

Працуйма, брацьця! Хай хутчэй
Наш льецца пот цурком:
Прыжджэм і мы сьвятлейшых дней,
Як скончым строіць дом!..

(1912)


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: