Вайна як idée fixe нашай сучаснасці

Гуманітарыі з Літвы, Украіны, Расіі і Беларусі збяруцца ў Мінску напрыканцы кастрычніка дзеля асэнсавання актуальнай сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне і пошуку альтэрнатывы ваеннаму патасу і распаўсюду мілітарысцкай рыторыкі.

28-29 кастрычніка ў Мінску адбудзецца канферэнцыя «Логас і патас: гуманітарная рэфлексія ва ўмовах вайны». Выклік, на які павінна даць адказ праца канферэнцыі, задае сацыяльна-палітычная сітуацыя ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне. «Неабвешчаная вайна» ва Украіне, якая разгарнулася як у рэальным, так і ў віртуальным (медыйным) вымярэннях, прывяла да надзвычайнага нагнятання рыторыкі вайны, схільнасці да квазірацыянальных абгрунтаванняў і афектаў ў духу «a la guerre comme a la guerre». Усё часцей — і палітыкамі, і гуманітарыямі — абмяркоўваюцца магчымыя сцэнарыі новай вайны, акупацыі і г.д., і ужо не зразумела, ці здольныя мы вырвацца з гэтага замкнёнага кола «мілітарысцкай гонкі» на палях нашай свядомасці.

Ці можа гуманітарная веда стаць сродкам супрацьстаяння прапагандзе? Якія культурныя ці мастацкія практыкі могуць быць выкарыстаныя для дэканструкцыі «ўяўнай вайны»? Наколькі сама гуманітарная думка здольная заставацца па-за рамкамі ідэалагічнага супрацьстаяння і фармаваць дзейсную альтэрнатыву мілітарысцкай рыторыцы і нагнятанню патасу магчымай вайны?

Над гэтымі і іншымі вострымі пытаннямі сучаснасці запрашаюць разважаць і дыскутаваць разам з удзельнікамі канферэнцыі — інтэлектуаламі і даследчыкамі з Украіны, Расіі, Літвы і Беларусі.

Арганізатарамі падзеі выступілі: Міжнародная асацыяцыя гуманітарыяў, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільнюс), Лятучы ўніверсітэт (Мінск), Цэнтр міждысцыплінарных гуманітарных даследаванняў (Мінск), Інстытут «Палітычная сфера» (Мінск-Вільнюс). 

Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, украінская.

З праграмай канферэнцыі можна пазнаёміцца тут.

Усе зацікаўленыя могуць зарэгістравацца да ўдзелу па спасылцы. Рэгістрацыя адкрытая да 20 кастрычніка.
Удзел у канферэнцыі можна сумясціць з карысным майстар-класам па напісанні заявак на міжнародныя канферэнцыі, запіс на які трывае да 6 кастрычніка. Падрабязнасці ўдзелу і рэгістрацыя па спасылцы. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!