Валачобнікі з неперакладзенага рамана

У творах пісьменніка Фларыяна Чарнышэвіча вельмі шмат цікавых этнаграфічных дэталей. Напрыклад, апісанне Вялікадня з рамана «Віцік Жывіца», што яшчэ не выходзіў па-беларуску.

Сёлета католікі святкуюць Вялікдзень 21 красавіка, а праваслаўныя 28-га. І ў каталіцкай, і ў праваслаўнай традыцыі на свята наведвалі хаты валачобнікі. Песнямі яны славілі гаспадара, гаспадыню, іх дзяцей. Былі адмысловыя творы для бабкі-павітухі. Валачобніцтва было распаўсюджана на большай частцы этнічнай тэрыторыі беларусаў, шмат у чым супадае з межамі рассялення крывічоў. Звычайна куплет спяваў зачынальнік, а на прыпеве далучаліся «падхватнікі». Імправізацыя ў валачобных песнях адбываецца ў межах даўно вядомых, адфільтраваных стагоддзямі, тэкстаў.

Фларыян Чарнышэвіч (1900 — 1964) у рамане «Віцік Жывіца» (пакуль не перакладзены з польскай мовы на беларускую) апісвае «валачэнне» на каталіцкі Вялікдзень. Гурт хлопцаў, каб атрымаць добрую ўзнагароду ад гаспадара, песняй зычыць яго дачцэ кахання графа, з якім дзяўчына ранкам таго ж дня была ў касцёле. Пажаданне заможнага і высокароднага жаніха часта сустракаецца і ў валачобных, і ў калядных песнях, прызначаных дзяўчыне. У апісанні Чарнышэвіча цікава, як традыцыйныя слоўныя формулы актуалізуюцца рэальнай жыццёвай сітуацыяй.

 «Вокладка рамана «Віцік Жывіца». Выданне 1953 / 2015 г.»

«Віцік Жывіца» — другі раман польскамоўнага пісьменніка Фларыяна Чарнышэвіча, які нарадзіўся на хутары Тучы (сёння не існуе, бліжэйшая вёска — Перасопня Клічаўскага раёна). Выйшаў у Буэнас-Айрэсе ў 1953 годе. (пісьменнік эміграваў у Аргентыну ў 1924-м). Валачобніцтва праходзіла ў ваколіцах мястэчка Горка (на думку даследчыкаў гэта Свіслач, цяпер у Асіповіцкім раёне). Але хутчэй за ўсё Фларыян Чарнышэвіч прыдумаў гэты эпізод на аснове этнаграфічных рэалій сваіх родных мясцін, г. зн. цяперашняга Клічаўскага раёна, якія апісвае і ў першым, аўтабіяграфічным, рамане «Надбярэзінцы» (выйшаў у 1942 г.).

«Валачыліся» наступным чынам:
У хаце Івіньскіх ужо не было святла, але сямейнікі яшчэ не спалі, чакаючы валачобнікаў. Брама стаяла расчыненая насцеж. Сабакі былі дзесьці замкнёныя. Як толькі падышлі з песняй пад вокны, тыя адразу парасчыняліся, паказаліся галовы сямейнікаў.

Памятаючы пра маёмасны стан і амбіцыі гаспадара, «Вясёлы нам» спявалі павольней, чым звыкла, і дольш. Потым зачынальнік казаў пажаданні.

— Пане гаспадару! — пачаў. — Сёння дзень вясёлы, дзень вялікай радасці, бо Пан Хрыстос падняўся з магільнай цемры. Сёння самі анёлы лётаюць і паведамляюць тую вестку свету. Мы, натхнёныя радасцю сённяшняга дня, ад усяго сэрца віншуем і зычым з кожным годам жыць у меншых грахах, а ў большых уцехах, дачакаць старасці і па смерці ў небе карону атрымаць. Алелюя, Алелюя!

— Сардэчны вам дзякуй — адказаў Івіньскі. — Радуюся прынесенай вамі вестцы і зычанням. Фелька! — крыкнуў ён да сына. — Вынесі ўсім па паўрубля срэбрам.

Валачобнікі прынялі дары. Нізка пакланіліся і грукнулі песню Броньцы <дачка гаспадара>:

— Гэй, да на паплаўцэ, да на мураўцэ! — зацягнуў пачынальнік.
— Зелёны садзік вішнёвы — падхапіў хор <прыпеў паўтараўся пасля кожнага радка>.
Вроны румак самопасе <вараны конь пасвіцца>
Нікт жэж его не поймае,
Нікт жэж его не осёдлае,
Одэзваўсе граф Любускі <прозвішча графа, які наведваў касцёл разам з дзяўчынай, якой пяецца песня>
Онжэж его сам поймае,
Онжэж его осядлае,
І поедзе воёваці,
Гонор, славэ здобываці,
Цалы рочэк пшэвоюе,
Врога змесі і зшаткуе,
І повруці в свое строны,
Шукаць сьлічнэй собе жоны,
І заедзе в тэн засьцянэк,
Бы попатшэць <каб паглядзець> на шляхцянэк,
І ўсіх сабой очаруе,
Бо такего ешчэ пана
В Серафінцэ <вёска, дзе адбываецца дзеянне> не відзяно,
Лічко бялэ, вонсік чарны <лічка бела, вусок чорны>,
Выгляд мілы, зуховаты,
Строй вытворны і богаты
Мундур з сукна францускего,
А прыборы краковскего
Сёдло чыстым шоўкем шытэ,
А страмёны ў злоце літэ,
Вшыстке будуць нань споглёндаць,
Вшыстке будуць его жондаць
А он змежы е очыма <змерае вачыма>
І пшэд Бронькай се затрыма
І зэскочы з свэго коня,
І ей нізенько поклоні
І попросі жэбы она
Хцяла быць му нарэчонай
Потэм уйме яе за ручку
І наложы ей обрончку <заручальны пярсцёнак>
В коньцу з’ядлэ поцалуе
Алелюя, алелюя!

Тут выступіў адзін з грамады і задэкламаваў яшчэ дзяўчыне:

— Панна Браніслава! Зычым панне, каб той вясной яшчэ больш паладнела і падрасла. А калі з’явіцца на Зялёныя святкі <Тройцу> граф Любускі, замуж за яго пайшла. І каб намі таксама не пагарджала, а на вселле запрашала. А тымчасам просім падарунак: пляшку гарэлкі, капу яек, вёслэм каўбас акружыўшы, фаскай масла завяршыўшы. Бо мы боты істапталі, пакуль паненкі дашукалі. Алелюя, алелюя.

Усе былі вельмі задаволенныя як зместам песні, так і выкананнем. Стары запрасіў усіх у хату.

Далей апісваецца жартоўная варажба дзяўчыне валачобніка, пераапранутага ў «знахара».

Гэта апісанне валачобніцтва выглядае тыповым для Клічаўскага раёна: нават на пачатку ХХІ стагоддзя можна запісаць падобныя песні і ўспаміны, як валачобнікі хадзілі па адным населенным пункце ці нават ад вёскі да вёскі ўсю ноч, а гаспадары не спалі, чакалі іх, рыхтавалі пачастункі.

Пераклад з польскай Алены Ляшкевіч



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!