Валачобнікі з-пад Шчучына едуць у Мінск (фота, відэа)

Гурт з Танявічаў Шчучынскага раёна адзначыў дома каталіцкі Вялікдзень, а цяпер збіраецца выступіць у Мінску. Канцэрт пройдзе 26 красавіка ва Універсітэце культуры ў межах канферэнцыі «Аўтэнтычны фальклор».
Вёска Танявічы знаходзіцца на самай мяжы з Літвой. Калісьці тут жыло некалькі соцень чалавек, а цяпер засталося толькі пад 20 жылых хат. Усе танявічцы — католікі. У побыце карысталіся беларускай мовай, але маліліся па-польску і па-польску ж спраўлялі хатнія абрады. У Танявічах не было ўласнага касцёла, таму хадзілі ў суседнюю вёску Новы Двор. Цяпер пабудавалі капліцу, куды з Новага Двара прыязджае ксёндз.



Адбыўшы імшу на каталіцкі Вялікдзень, танявічцы разыходзяцца па хатах на святочнае застолле. Гуляюць у біткі, частуюцца смачнай і разнастайнай ежай, ды рыхтуюцца сустракаць «валакайнікаў» — валачобнікаў. Даўней гэта былі мужчыны рознага ўзросту, што віншавалі аднавяскоўцаў з Вялікаднем. Асобна хадзілі жанатыя і нежанатыя. Пачыналі абыход каля дзявятай вечара ў нядзелю, а сканчвалі толькі ў панядзелак каля палудня. «Па слядах» дарослых у панядзелак ішлі дзеці, якім давалі яйкі ды цукеркі.



Гурт «валакайнікаў» вітаўся з гаспадарамі на двары (тыя вызіралі ў вокны ці дзверы) і спяваў «святую» (касцёльную) песню «Вэсолы нам дзісь дзень настаў». Спявалі ўсе разам, не было яўнага падзелу на пачынальніка, які выконвае куплеты, і падхватнікаў, што далучаюцца толькі на прыпеве, як ва Усходняй Беларусі. Спевакам дзякавалі ежай і грашыма. 



Праспяваўшы гаспадарам, гурт імкнуўся трапіць у хату, каб спець іх дзецям. Тыя хаваліся, бо за кожную песню трэба было асобна плаціць. Часам пошукі тых, каго трэба павіншаваць, ператвараліся ў цэлую прыгоду: «валакайнікі» пераварочвалі ўсю хату, залазілі ў шафы і зазіралі на печ…

У гурце, што сёлета на Вялікдзень абыходзіў Танявічы, — пераважна жанчыны. Так склалася дэмаграфічная сітуацыя. Большасць удзельнікаў ужо не жывуць у Танявічах, але з’язджаюцца ў родную вёску на святы, спяваюць разам, ездзяць на фестывалі (некаторыя сем’ямі).

 Кіраўніца фальклорнага гурта вёскі Танявічы Тэрэса Антонаўна Адамовіч

 Кіраўніца фальклорнага гурта вёскі Танявічы Тэрэса Антонаўна Адамовіч

Кіруе гуртом Тэрэса Адамовіч. Жанчына нарадзілася ў Танявічах, скончыла мінскі Універсітэт культуры і ўсё жыццё працуе ў Гродзенскім раёне, дзе арганізавала яшчэ два фальклорныя гурты. Рэпертуар танявічцаў папаўняецца песнямі з-пад Гродна. Нават раскіданыя па ўсёй Гродзенскай вобласці, амаль што без рэпетыцый, землякі вельмі зладжана і прыгожа спяваюць.


Фальклорны гурт вёскі Танявічы выступіць 26 красавіка ў Мінску. Канцэрт адбудзецца а 18.00 у камернай зале (аўдыторыя 123) галоўнага корпуса Універсітэта культуры. У імпрэзе возьмуць удзел таксама гурты «Берагіня» з вёскі Мётча Барысаўскага раёна і «Ажыначкі» з-пад Полацка.



Канцэрт пройдзе ў межах канферэнцыі «Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання». 27 красавіка з 11 да 13.00 падчас майстар-класаў (аўдыторыя 106 галоўнага корпуса Універсітэта культуры) можна будзе даведацца аб творчасці латышскіх гуртоў Banga і Radi, а таксама гурта «Свети-цвет» з Санкт-Пецербурга. У той жа дзень з 16 да 18.00 у мінскім клубе «Гудвін» пройдзе вечарына традыцыйных танцаў, спеваў і музыкі. Поўную праграму канферэнцыі можна паглядзець тут.

Чытайце таксама: Валачобнікі з неперакладзенага рамана


Фота і відэа Алены Ляшкевіч


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!