Вандроўка па могілках у пошуках каранёў нацыянальнай свядомасці

Слуцкае ТБМ арганізавала экскурсію па слуцкіх старажытных могілках на вуліцы 14 Партызан. Падчас экскурсіі яе ўдзельнікі наведалі пахаванні людзей з вядомымі прозвішчамі, якія спрычыніліся да пашырэння нацыянальнай свядомасці тутэйшага насельніцтва, альбо заслужылі добрую памяць за свае клопаты аб народу і чалавечнасць.


Вера Грабоўская, стваральніца сайта «Старыя помнікі ў Слуцку» і аматар-даследчык старажытных пахаванняў, на працягу некалькіх гадзін знаёміла случчан з найцікавейшымі помнікамі 400-гадовага некропаля і гісторыямі тых, хто ляжыць пад гэтымі помнікамі.

Помнік у выглядзе каменнага дрэва з абсечанымі галінамі Івану Бокшу, слуцкаму старасту, які памёр у 1903 годзе. Абсечаныя галіны на камяні сведчаць, што пасля мужчыны не засталося прамых нашчадкаў. У сваіх успамінах Язэп Дыла, беларускі празаік, драматург, грамадскі і культурны дзеяч, пісаў пра асаблівасці выбарчай кампаніі старасты:

«Я рашуча падтрымаў аднаго з кандыдатаў — Бокшу, чалавека дзелавога і сумленнага і асцярожна намякнуў, што яго праціўнік абапіраецца на духавенства і спойвае будучых выбаршчыкаў… Артыкул нарабіў шмат шуму, паўплываў на вынікі выбараў. Стаўшы гарадскім галавой, Бокша зрабіў затым для Слуцка шмат карыснага».


Язэп Дыла нарадзіўся ў Слуцку, скончыў Слуцкую гімназію, неаднаразова сустракаўся з Альгердам Абуховічам, якім літаральна быў зачараваны. У яго ўспамінах Абуховіч паўстае «абаронцам мовы свайго народа, вястуном і чараўніком роднага слова».

Захаваліся магіла і помнік бабулі Язэпа Дылы. Дамініка Куляшэвіч была вельмі добрай і справядлівай жанчынай, дапамагала бедным. Ведала шмат беларускіх песень і казак. Менавіта ад яе Язэп пачуў, як Слуцк абараняўся ад татарскага нашэсця. Пасля гэты сюжэт быў пакладзены ў аснову яго гістарычнай аповесці «Настасся Мякота», якую ён апублікаваў пад псеўданімам Тодар Кулеш.


«Вайніловічы не прыйшлі ні з Усходу, ні з Захаду — яны карэнныя, мясцовыя, костка ад косткі, кроў ад крыві таго народа, які калісьці хаваў сваіх продкаў у гэтых курганах (сёння — на сельскіх могілках) і родную беларускую зямлю сахой арэ» , — так пісаў пра сваё паходжанне знакаміты рэфарматар і патрыёт беларускага краю Эдвард Вайніловіч. Менавіта ў яго багата аздобленым доме пры яго матэрыяльнай падтрымцы Рада Случчыны аб’явіла аб пачатку Слуцкага Збройнага чыну ў 1920 годзе. Дзеці і бацькі беларускага патрыёта знайшлі вечны спачын на фамільным кургане ў вёсцы Савічы Капыльскага раёна. Астанкі самога Эдварда Вайніловіча перавезены з Польшчы і пакояцца ў мінскім Чырвоным касцёле, пабудаваным за яго грошы.

Адна з самых цікавых патрыятычных постацей 19 стагоддзя — дзядзька знакамітага Эдварда Вайніловіча. Імя слуцкага павятога маршалка Тадэуша Вайніловіча ўжо з цяжкасцю чытаецца на шэрай простай надмагільнай пліце. Пахаванне знаходзіцца непадалёку ад помніка Альгерду Абуховічу.


— Фактычна ўсе Вайніловічы заўсёды былі патрыётамі нашага краю, — распавядае Вера Грабоўская. — Павятовы маршалак Антон Адамавіч Вайніловіч і яго жонка Тэафілія Адынец назвалі свайго сына ў гонар Тадэуша Касцюшкі. І хаця апошні асабіста не ўдзельнічаў ні ў якіх паўстаннях, але сваёй любові да краю не хаваў. Звольнены з ваеннай службы ў чыне паручніка і з ордэнам Святога Георгія за асабістую мужнасць, ён меў вялікі аўтарытэт сярод заможнай шляхты. Сем разоў (з 1845 па 1862 годы) абіраўся ўладальнікамі маёнткаў павятовым маршалкам (прадвадзіцелем дваранства).


Магчыма, яго кар’ера павятовага маршалка была б прадоўжана, калі б не яго патрыятычныя перакананні і не падпісанне звароту па просьбе губернскага маршалка Аляксандра Лапы на імя расійскага імператара аб аднаўленні ўніверсітэта ў Вільні і злучэнні Мінскай губерніі і ўсіх «паўночна-заходніх губерній» з польскімі губернямі ў асобную аўтаномію ад Расіі. Як вядома, Польшча мела такую аўтаномію з 1815 года і мела большыя культурна-эканамічныя магчымасці для развіцця сваёй нацыі. Гэта быў бы зусім невялікі крок у бок ад Расійскай імперыі, але віленскі генерал-губернатар Мураўёў успрыняў такія захады як антырасійскія і сепаратысцкія. Прашэнне імператару было арыштавана разам з іншымі губернскімі паперамі. Губернскі маршалак Лапа адправіўся ў ссылку ў Пермскую губерню. Замест гэтага звароту маёнткаўцам было прапанавана падпісаць вернападданіцкі «адрас» да расійскага цара. У адрозненне ад многіх дваран Тадэвуш Вайніловіч адказаўся гэта зрабіць, падаў у адстаўку і некаторы час чакаў у маёнтку высылкі ў Пермскую губерню.


Наступствамі такой высылкі маглі б быць канфіскацыя маёнтка і трагедыя для ўсёй сям'і. На шчасце, усё скончылася толькі крахам кар’еры ў Слуцку.


Удзельнікі экскурсіі з павагай аднесліся да такой жыццёвай гісторыі чалавека з знакамітым прозвішчам. Тут лёгка можна правесці паралель з учынкамі многіх цяперашніх беларусаў, якія праяўляюць самаахвярнасць, страчваюць працоўныя месцы, падаюць у адстаўку ў знак нязгоды з гвалтам, катаваннямі, дзяржаўнай хлуснёй.

Даследчык слуцкіх пахаванняў распавядала пра дырэктараў і настаўнікаў Слуцкай гімназіі, якіх настолькі паважалі вучні і бацькі, што за іхнімі трунамі ішоў цэлы горад. Вядома, што ў аснове навучання ў слуцкай гімназіі, асабліва да 1861 года, ляжалі павага да асобы вучня і ўсебаковае развіццё асобы. Нездарма падчас паўстання Кастуся Каліноўскага шмат вучняў уступілі ў паўстанцкі слуцкі полк.


 На слуцкім некропалі, які налічвае больш за 4 стагоддзі свайго існавання, шмат пахаванняў святароў і нават царскіх генералаў, якія прыцягваюць увагу сваім незвычайным знешнім выглядам.

Паколькі экскурсія была прысвечана памяці тых, хто так ці інакш прычыніўся да беларускай справы, з асаблівай увагай яе ўдзельнікі аднесліся да сямейнага пахавання родных дзеяча беларускага нацыянальна-вызваленчага руху Марка Асвяцімскага.


Адзін з кіраўнікоў Слуцкага нацыянальнага камітэту, удзельнік Усебеларускага з’езду, ганаровы ўдзельнік Слуцкага культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-кветка» Марк Асвяцімскі быў да таго ж павятовым кіраўніком партыі беларускіх эсэраў-сацыялістаў. Увайшоў у гісторыю як адзін з стваральнікаў войска жаўнераў для Слуцкага збройнага чыну. Апрача гэта ён усямерна падтрымліваў развіццё беларускага школьніцтва на Случчыне.

Бальшавісцкая дзяржава «ацаніла» яго заслугі ў барацьбе за незалежнасць Случчыны і БНР ў 1938 годзе – прысудзіла да расстрэлу. Рэабілітаваны Марк Асвяцімскі быў толькі ў 1960 годзе.

Наступную экскурсію Слуцкае таварыства беларускай мовы вырашыла прысвяціць дзейнасці вядомага культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-кветка». 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: