Вандроўка ТБМ па мясцінах Манюшкі. Узоры дзікунскай занядбанасці і прыклады руплівасці

20 ліпеня група сяброў ТБМ імя Ф. Скарыны здзейсніла падарожжа па мясцінах, звязаных з месцам нараджэння, маладых і юначых гадоў Станіслава Манюшкі. Вандроўка была прысвечана 30-годдзю ТБМ і 200-годдзю з дня нараджэння родапачынальніка беларускай і польскай оперы.

Экскурсію праводзіць Аляксей Фралоў

Экскурсію праводзіць Аляксей Фралоў


Дырыжор і музыказнаўца , лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў пазнаёміў вандроўнікаў з гісторыяй шляхетнага рода Манюшкаў, распавёў пра перапляценні лёсаў, духоўныя і культурныя традыцыі і
гістарычны кантэкст, у якім развівалася творчасць кампазітара. Тэбэмаўцы наведалі мястэчкі Алесіна, Шыпяны, Волму, Смілавічы.

Група тэбээмаўцаў на чале з Аленай Анісім са сцягам, фота А.Давідовіча

Група тэбээмаўцаў на чале з Аленай Анісім са сцягам, фота А.Давідовіча

У падарожжы давялося пабачыць дзікунскія ўзоры занядбанасці тэрыторый, звязаных з жыццём выбітных асобаў культуры Беларусі і прыклады руплівасці навукоўцаў, краязнаўцаў, духоўных асобаў і аматараў
музыкі.

Манумент рэфарматару

У Алесіна вандроўнікі пабачылі забудовы ў нэагатычным стылі, якія належалі сям’і Манюшкаў і пачулі з вуснаў Аляксея Фралова звесткі пра гісторыю рода Манюшкаў. У Алесіна, абнесеныя плотам, знаходзяцца каменныя парэшткі вялікага манумента Дамініку Манюшку, дзядзьке кампазітара.

Дзед слыннага творцы Станіслаў Манюшка-старэйшы атрымаў маёнткі пры падзеле ўладанняў гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Агінскага. Ён ажаніўся ў 51 год на Еве Вайніловіч. Яго маёмасць налічвала мільён злотых і ён быў сапраўдным гаспадаром. У яго нарадзілася 16 дзяцей, да сталага ўзросту дажылі толькі 10, ( 6 сыноў і 4 дачкі). Большасць з яго сыноў скончылі Віленскі ўніверсітэт. Акрамя бацькі Манюшкі – Чэслава. Ён не паспеў гэтага зрабіць, бо пачалася Напалеонаўская кампанія і ўсе сыны Станіслава Манюшкі выступілі супраць расійскага царскага войска на баку Напалеона за адраджэнне Рэчы Паспалітай.Чэслаў быў таленавітым чалавекам, захаваліся яго малюнкі.

Дамінік Манюшка ў сваіх уладаннях у Радкаўшчыне адмяніў прыгоннае права яшчэ ў 1843 годзе, падзяліўшы зямлю паміж сялянамі. Ён пабудаваў ім хаты, увёў незалежны суд, адчыніў бясплатныя школы для
дзяцей. У школы запрашаліся выкладчыкі з Парыжскага і Пражскага ўніверсітэтаў, выкарыстовалася сістэма вядомых еўрапейскіх педагогаў Джозэфа Ланкастэра і Ёганна Песталоццы, выкладалася геаметрыя, чарчэнне, пчалярства.

Парсючок, які рохкае

Прайшоўшы праз алею высокіх і тоўскіх ліпаў, вандроўнікі прыйшлі да месца парэтшкаў сядзібы Аляксандра Манюшкі. Захаваўся падмурак сядзібы, яго спрабуюць захаваць.

Парэшткі сядзібы Аляксандра Манюшкі

Парэшткі сядзібы Аляксандра Манюшкі

У гэтым юбілейным годзе Аляксей Фралоў правёў 8 экскурсій па мясцінах,звязаных з жыццём Манюшкі, у тым ліку і для ВІП-персонаў. Аляксей запрасіў у Алесіна і Смілавічы дырэктара опернага тэатра Вальдэмара Дамброўскага, але не паказваў яму парэшткі сядзібы дзядзькі кампазітара Аляксандра.

Калі сюды з’яўляюцца наведвальнікі, гучна пачынаюць брахаць сабакі. Каля 20 гадоў таму гэту зямлю выкупіў фермер Павел Калашнікаў. Яго пажылая маці Таццяна Аляксееўна, якая дапамагае глядзець за гаспадаркай,
правяла вандроўнікаў да месца фундамента сядзібы. Ён густа парос дзядоўнікам. Сёння ў гаспадачай забудове сядзібы, якая захавалася, гадуецца парсюк. Пры набліжэнні наведвальнікаў ён гучна рохкае.

Еўрапейскі грант і музычная гасцёўня

У Смілавічах Аляксей Фралоў запрасіў зацікаўленых вандроўнікаў наведаць музычную гасцёўню, створаную ў 2017 годзе пры падрымцы праекта ЕС-ПРААН па са дзейнічанні культурнаму развіццю рэгіёнаў.

— Станіслаў Манюшка быў кампазітарам еўрапейскага ўзроўню. Яго імя можна было б назваць сярод такіх, як Бедржых Сме́тана, Антанін Леапольд Дворжак, — адзначыў спадар Аляксей. — У Варшаве сёлета адбыліся вялікія святкаванні. У Вялікім тэатры адбыўся прыём. Прэзідэнт Анджэй Дуда ўсклаў кошык з кветкамі на магіле кампазітара. Здзейснілася падарожжа нашай творчай інтэлігенцыі па замежных мясцінах Манюшкі, трох ключавых кропках: Вільні, Бярліне, Варшаве.

Мы рабілі з аркестрам «Capella Akademia» і зоркамі беларускай оперы на пляцы Верхняга горада ля ратушы канцэрт у час правядзення Дня польскай культуры. Праводзілі публічны гарадскі сімфанічны канцэрт, прысвечаны беларускаму і польскаму класіку. Адбыўся пленэр з удзелам Беларускага саюза мастакоў. Шмат асобаў заангажаваныя ў святкаванне юбілея і ўспрымаюць яго актуальным для сябе. У Вільні праходзіла
канферэнцыя пад эгідай ЮНЭСКА.

Музычная гасцёўня

Музычная гасцёўня

У Смілавічах даследчую працу па гісторыі рода Манюшкаў у 1969 годзе настаўнік геаграфіі, дырэктар мясцовай сярэдняй школы Васіль Васільевіч Несцяровіч. Ён усталяваў навуковыя кантакты з гісторыкамі
Польшчы і назапасіў грунтоўны матэрыял, звязаны з сядзібай бацькоў Манюшкі ў Убелі, з гісторыяй яго рода. Адзіны ў свете музей Манюшкі знаходзіўся ў пасёлку Азёрны ў памяшканні школы, сёлета ён пераехаў у
новы будынак -музычную гасцёўню ў Смілавічах. Да 90-тых гадоў мінулага стагоддзя Станіслаў Манюшка лічыўся польскім кампазітарам, стваральнікам лірыкі і нацыянальнай оперы.

Музычная гасцёўня

Музычная гасцёўня

Даследванні працягвае дачка Несцяровіча Ірына Серада, якая працуе ў музычнай гасцёўні экскурсаводам. Яна знаёміць наведвальнікаў са шматлікімі фотаздымкамі, экспанатамі, якія распавядаюць пра жыццё і творчасць кампазітара-рамантыка, яго сям’ю і яго сяброў.Тут можна паслухаць фрагменты з опер кампазітара.

Прададзены палац

Энергічны продак Станіслаў Манюшка падняў рэнтабельнасць сваіх фальваркаў. Верагодна, першы палац быў пабудаваны Станіславам Манюшкам-старэйшым у пачатку XIX ст. быў з выкарыстаннем сценаў
старажытнага будынка. Вядома, што васьмігадовы Станіслаў Манюшка, будучы кампазітар, бываў у Смілавіцкім палацы дзеда.

Палац у Смілавічах быў пабудаваны ў формах псеўдаготыкі, што з'яўлялася выразам рамантычных матываў. Яго упрыгожвала вежа. На тэрасе ўздоўж палаца з боку Волмы былі пасаджаныя хвоі, клёны і ліпы, да парка прымыкаў вялікі сад.

У нашы часы палац у Смілавічах выкупіў і прыводзіць у парадак прыватны ўладальнік. Частка сядзібы яшчэ знаходзіцца ў заняпадзе, яе парэшткі закансерваваныя.

У вандроўцы ў сяброў ТБМ нарадзілася безліч ідэй, праз якія можна было б ушанаваць імя слыннага кампазітара. Ад ідэі надання імя Станіслава Манюшкі Нацыянальнаму аэрапорту, (бо уладанні яго рода знаходзяцца паблізу ад тэрыторыі аэрапорта), да кавярні «На каву - да Станіслава», «Плюшкі ад Манюшкі».

Падарожнікі і актывісты ТБМ па дарозе таксама здзейснілі экскурсію ў праваслаўны Свята-Дабравешчанскі манастыр у Малых Лядах, сродкі на будаўніцтва якога калісьці ахвяравалі Ігнат Завіша і яго жонка Марцыбэла Агінская. У ХVIII стагоддзі гэта быў манастыр базыльянаў.

Вандроўнікі наведалі музей «Прастора Хаіма Суціна» і дзяцічы арт-цэнтр у Смілавічах, дзе ўбачылі шмат прыкладаў беражлівага і трапяткога стаўлення да гістарычнай і культурнай спадчыны.

Эла Дзвінская, фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!