Варшаўскія рэліквіі Радзівілаў прыехалі ў Беларусь

Выстава «Радзівілы: лёсы краіны і роду» адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. Тут можна ўбачыць як рэчы з калекцыі нашчадкаў роду, якія жывуць у Польшчы, так і скарбы, якія захоўваюцца ў нашай краіне.

Сёлетнюю выставу смела можна назваць унікальнай: ці не ўпершыню ад 1939 году, пасля якога скарбы славутага роду пачалі разыходзіцца па ўсім свеце, на адной пляцоўцы на тэрыторыі Беларусі сабраныя рэліквіі Радзівілаў з розных збораў: як беларускіх, так і замежных. Частка экспанатаў, прывезеная з Польшчы належыць Мацею Радзівілу, паспяховаму камерсанту і калекцыянеры, ды князёўне Ганне Марыі Чартарыйскай. Беларускія экспанаты паходзяць са збораў Нацыянальнага мастацкага музея ды Нацыянальнай бібліятэкі.

Барбара Радзівіл

На экспазіцыі, якая змясцілася ў дзве музейныя залі, можна ўбачыць сармацкія партрэты, гравюры, старадрукі, вырабы слуцкіх мануфактураў, памятныя медалі з каштоўных металаў, прысвечаныя прадстаўнікам магнацкага роду.


Знаўцы гісторыі ды аматары з лёгкасцю пазнаюць легендарную Барбару Радзівіл, партрэт якой вісіць адразу ля ўваходу, яе бацьку — Юрыя Радзівіла, вайсковага генія ВКЛ, Мікалая Радзівіла Сіротку, заснавальніка Нясвіжскай рэзідэнцыі, Міхала Радзівіла Рыбаньку, Пане Каханку ды іншых.


Пра знакамітыя слуцкія мануфактуры, заснаваныя тым самым Радзівілам Рыбанькай, на выставе сведчаць кунтушовы пояс ды маката — абодва прадметы з брэндавай для таго часу пазнакай «Слуцк» на акрайчыку. Цікава, што шкляныя вітрыны зробленыя такім чынам, што глядач можа бачыць адваротны бок рэліквіяў у люстэрку.

Слуцкія паясы

Слуцкія паясы



Тут жа прадстаўленая дакладная запіска начальніка архіўнага ўпраўлення НКВД БССР аб вывазе архіву князёў Радзівілаў у г. Трапаў 14 чэрвеня 1945 году: сумнае сведчанне канца гісторыі магнацкага роду на тэрыторыі Беларусі і размантачвання яго збораў і рэліквіяў на Усход і Захад.

Памятныя медалі з партрэтамі прадстаўнікоў роду

Памятныя медалі з партрэтамі прадстаўнікоў роду

Гетманская булава - знак вайсковай улады ў дзяржаве (фрагмент карціны)

Артылерыйская пазіцыя - фрагмент гравюры

Выстава яшчэ раз нагадвае пра моц і неймаверную энэргетыку Радзівілаў, якія пакінулі след у гісторыі ўсіх народаў Рэчы Паспалітай, а таксама падкрэслівае інтэграцыйную функцыю культуры, якая ў наш час здольная працаваць на збліжэнне нацыяў і краінаў, Беларусі і Польшчы, у дадзеным выпадку.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2017-02-20 11:16:56
усё-ткі разыходзіцца радзівілаўскія скарбы пачалі не ў 1939, а значна раней, з 17 стагоддзя - і ў Масковію, і ў Швецыю.
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: